Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі пачынае хадзіць новая купюра вартасьцю 100 тысячаў рублёў.


Юлія Шарова, Менск На гэтай купюры, згодна з усталяванай ужо традыцыяй аздабленьня айчынных банкнотаў, зьмешчаная выява Нясьвіскага замку. Выпуск новых купюраў большай вартасьці Нацбанк пакуль не плянуе: беларускія грошы апошнім часам амаль не абясцэньваюцца. Новая дэнамінацыя таксама не прадбачыцца.

Беларусь перажыла за часы сваёй незалежнасьці дзьве дэнамінацыі – у 1995 годзе і ў 2000 годзе. У часе апошняй дэнамінацыі з купюраў прыбралі тры нулі й беларусы перасталі атрымліваць заробкі мільёнамі. Найвялікшай купюрай была тысяча рублёў, цяпер – 100 тысячаў рублёў, што ўжо таксама даволі шмат і робіць наяўныя разьлікі нязручнымі. Ці разглядае Нацбанк магчымасьць новай дэнамінацыі, улічваючы тое, што сытуацыя ў грашовай-крэдытнай сфэры стабілізавалася?

Гэтак званая праблема шматлікіх нулёў на купюрах для Беларусі яшчэ ня надта актуальная, цьвердзіць начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў. Ён нагадвае, як Турцыя зусім нядаўна правяла ў сябе дэнамінацыю – там давялося пазбаўляцца ад купюраў значна большай вартасьці. Дый цяпер Беларусь наўрад ці ўсясьветны лідэр паводле колькасьці нулёў на банкнотах. На думку спадара Драздова, вялікіх праблемаў у разьліках для насельніцтва няма.

Але ж Нацбанк пакуль не абмяркоўвае магчымую дэнамінацыю хутчэй зь іншых прычынаў, кажа Анатоль Драздоў.

(Драздоў:) Пакуль нічога не зразумела з нашым манэтарным саюзам з Расеяй. Калі мы будзем пераходзіць на адзіную валюту, калі такое рашэньне прымуць кіраўнікі дзяржаваў, тады неабходнасьць дэнамінацыі адпадае аўтаматычна. А для таго, каб абмяркоўваць яе магчымасьць, мы, прынамсі, павінны ведаць на колькі год наперад, якія грошы будуць у нас у абарачэньні.

Са словаў Анатоля Драздова, Нацбанк павінен дакладна ведаць хаця б на пяць годоў наперад, якой валютай будуць карыстацца ў гэтай краіне. І хоць стварэньне манэтарнага саюза ўвесь час адкладваецца, цалкам можа быць, што Беларусь усё ж пяройдзе на расейскія рублі. Тады ладзіць дэнамінацыю й траціць на яе лішнія грошы дакладна ня мае сэнсу.

Эканаміст Валеры Дашкевіч наагул ня бачыць карысьці ў выпуску новай банкноты вартасьцю 100 тысячаў рублёў. Дагэтуль найбольшай была купюра 50 тысячаў рублёў, альбо 25 даляраў у эквіваленце. Сярэдні заробак у краіне не перавышае 200 даляраў, то бок, каб выдаць яго гатоўкай, трэба ўсяго восем такіх купюраў. Таму новая банкнота ніякай карысьці не прыносіць.

(Дашкевіч:) Узяць для прыкладу Злучаныя Штаты, дзе сярэдні заробак складае каля 3-4 тысячаў даляраў. У іх найбуйная купюра 100 даляраў, гэта 30-40 купюраў патрэбна. Праўда, там меней выкарыстоўваюць наяўныя грошы, паколькі збольшага грошы пераводзяцца на плястыкавыя карткі. Але ж нікому ў Штатах не прыйшло ў галаву выпусьціць купюру 500 ці 1000 даляраў, для таго каб палегчыць наяўныя разьлікі.

На думку Валерыя Дашкевіча, новую банкноту выпусьцілі па інэрцыі: гаворка пра патрэбу такой купюры вялася тры гады таму, але ж Нацбанк ня мог прадбычыць вялікіх посьпехаў у грашова-крэдытнай палітыцы, калі тэмпы інфляцыі даволі рэзка запаволіліся, а нацыянальная валюта зусім перастала абясцэньвацца. Хутчэй за ўсё, быў плян на выпуск новай купюры, на гэта выдаткавалі пэўныя рэсурсы, ды ня сталі адхіляцца ад пляну, нават калі практычны сэнс яго ажыцьцяўленьня зьнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG