Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады пачалі кансультацыі з АБСЭ наконт кандыдатуры новага кіраўніка офіса ў Менску


Алесь Дашчынскі, Менск Як паведамілі ў міністэрстве замежных справаў Беларусі, тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга кіраўніка менскага офіса АБСЭ Эбэргарда Гайкена завяршаецца 29 ліпеня. Чаму сыходзіць Эбэргард Гайкен і хто заменіць нямецкага амбасадара?

Паводле кіраўніцы рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Уты Цапф, спадар Гайкен сыходзіць на пэнсію, у адстаўку. Цяпер яму шукаюць замену, вылучана некалькі кандыдатур, прозьвішчы якіх пакуль не называюцца, і, магчыма, што кіраўніком офіса можа стаць грамадзянін іншай краіны, апроч Нямеччыны. Паводле спадарыні Цапф, сыход амбасадра Гайкена не азначае, аднак, што менскі офіс АБСЭ будзе зачынены. Нагадаю, гэты офіс распачаў працу ў 2003 годзе назамен кансультатыўна-назіральнай групы, якой кіраваў іншы нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік. Аднак цяперашні мандат офіса АБСЭ завяршаецца напрыканцы гэтага года і ягоны лёс зноў жа будзе вырашацца разам з уладамі Беларусі. Спадарыня Ута Цапф заявіла, што ва ўмовах узмацненьня рэпрэсій у краіне наяўнасьць офіса АБСЭ ў Менску вельмі неабходная. Нягледзячы на скарачэньне мандату, офіс усё ж мае магчымасьць весьці пастаянны маніторынг сытуацыі з правамі чалавека. Амбасадар Гайкен асабіста наведваў палітычных вязьняў у Беларусі – Міхаіла Марыніча, Аляксандра Васільева і Юрыя Бандажэўскага. Нядаўна ён пабываў у Горадні на сядзібе Саюза палякаў Беларусі. Спадарыня Цапф высока ацэньвае дзейнасьць Гайкена ў Менску.

(Цапф: ) ”Натуральна, у яго быў іншы стыль, чым у ягонага папярэдніка Ганса-Георга Віка, але я думаю, пры наяўнасьці вострых рознагалосьяў паміж АБСЭ і адміністрацыяй Лукашэнкі, ён абраў правільны стыль: з пачуцьцём такту, але без уступчывасьці ў прынцыповых рэчах”.

А як ставяцца беларускія ўлады да такога варыянту, калі будучым кіраўніком офіса будзе не нямецкі, а іншы дыплямат? Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць гэта прэрагатывай АБСЭ.

(Красуцкі: )”Зусім разумная пэўная ратацыя, вядома, што пэўныя камісіі ўзначалілі прадстаўнікі Малдовы і іншых краін. Я думаю, гэта ўнутраная справа самой арганізацыі. Для Беларусі не так важна прадстаўнік якой краіны ўзначаліць місію, важна, якую лінію ён будзе праводзіць, каб яна адпавядала мэтам і задачам гэтай місіі. З усіх кіраўнікоў менскай місіі АБСЭ, спадар Гайкен найбольш правільна і выконваў задачы, дзеля якіх адкрывалася гэтая місія ”.

Паводле спадара Красуцкага, неабходнасьць далейшага знаходжаньня місіі АБСЭ ў Менску ёсьць кампэтэнцыяй выканаўчых уладаў Беларусі.

(Красуцкі: ) ”Калі ў гэтых парамэтрах, у гэтых рамках і далей будзе працаваць місія, то я не бачу асаблівых перашкод і падстаў для таго, каб вырашаць пытаньне пра закрыцьцё місіі, хаця на прасторах СНД засталіся адзінкі гэтых місій ”.

Эбэрхард Гайкен завяршае сваю дзейнасьць у Менску пры наяўнасьці незавершаных праектаў. Да прыкладу, міжнародны сэмінар у пытаньні эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, які рыхтаваўся пры ўдзеле кіраўніцы рабочай групы Парляманцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф. Нагадаю, гэты сэмінар быў сарваны беларускім бокам, які не пагадзіўся на ўдзел у ім прадстаўнікоў апазыцыі. Афіцыйны Менск зноў памяняў дату, накіраваў прапанову правесьці сэмінар напрыканцы ліпеня. Гэтае пытаньне нават абмяркоўвалася з паслом Нямеччыны ў Беларусі. Аднак спадарыня Цапф адказала, што цяпер яна будзе занятая сваімі справамі, зьвязанымі з выбарчай кампаніяй у Нямеччыне. Спадар Красуцкі вінаваціць ва ўсім спадарыню Цапф і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Міхаіла Арду.

(Красуцкі: ) ”У яе была размова чыста з Ардой, пра што мы са спадаром Гайкеным і гаварылі, што два чалавекі арганізоўвалі гэты сэмінар і яны нясуць адказнасьць”.

Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук лічыць, што мандат цяперашняй місіі значна слабейшы параўнальна з ранейшым, калі яе ўзначальваў Ганс-Георг Вік.

(Раманчук: ) “Таму спроба ўтрымаць місію АБСЭ за любы кошт – гэта, безумоўна, параза гэтай арганізацыі. Фунцкыі спадара Гайкена зьвяліся да канстатацыі фактаў і ніводнай удалай інтэрвэнцыі не было. Калі, напрыклад, місія АБСЭ скончыць сваю працу на Беларусі, грамадзянская супольнасьць і дэмакратычныя партыі, простыя людзі гэтага не адчуюць. Я лічу, што офіс АБСЭ павінен быць у Менску і ўвогуле, прысутнасьць міжнародных арганізацый павінна быць, але яна павінна быць не такой бяззубай, а больш актыўнай ”.

Незалежны палітоляг Андрэй Фёдараў цьвердзіць, што АБСЭ ня мае сурьёзных рычагоў уплыву ў асобных краінах. Завяршэньне місіі такога вопытнага дыплямата як Гайкен, спадар Фёдараў зьвязвае якраз з неэфэктыўнасьцю дыпляматыі АБСЭ. Але прысутнасьць місіі АБСЭ ў Менску ён лічыць неабходнай.

(Фёдараў: )”Горш ня будзе, усё ж яны адсочваюць сітуацыю тут і даюць інфармацыю ў свой галоўны ворган, але спадзявацца, што з іх знаходжаньня тут нешта радыкальна зьменіцца, гэта было б даволі наіўна ”.
XS
SM
MD
LG