Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня у Віцебску распачынаецца 14-ы Міжнародны фэстываль “Славянскі базар”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Паводле зьнешніх прыкмет – усё тое самае, што і летась: па ўсім Пляцы Волі і вакол яго, уздоўж вуліц Леніна і Замкавай ўжо стаяць шапікі, дзе гандлююць рознай ежай. Па горадзе шпацыруе вельмі шмат міліцыянтаў, якія праводзяць так званую “зачыстку тэрыторыі” ад рознага кшталту асацыяльных элемэнтаў. А з наступленьнем вечара паўсюль уключаецца ілюмінацыя, якая выглядае дакладна гэтаксама, як на Каляды, нібыта яе й не здымалі на гэтыя паўгады.

Месяц таму ад віцебскіх міліцыянтаў паступіла прапанова зрабіць фэстывальны цэнтар безалькагольнай зонай. І ўжо цяпер абвешчана, што ад 17-й вечара да 8-й раніцы у радыюсе пяцісот мэтраў ад летняга Амфітэатру продаж алькаголю, нават піва, будзе забаронены.

Але нешта падобнае абвяшчалася і летась, і досьвед паказаў, што пяцьсот мэтраў—гэта ня тае адлегласьць, якую ахвотныя ня здужаюць адолець з бутэлькаю ў руцэ або кішэні. Тым болей, што якраз напярэдадні фэстывалю, учора, у Віцебску ўрачыста адчынілі 1-ю чаргу супольнага беларуска-нямецкага прадпрыемства “Дзьвінскі бровар”. Мясцовая прэса ўжо добра-такі разрэкламавала гэтую падзею, падкрэсьліўшы, што навы напой, выраблены паводле нямецкае тэхналёгіі, паступіць у продаж якраз сёньня -- у дзень адкрыцьця фэстывалю.

Дарэчы, міліыянты паспрабавалі балі супрацьстаяць “піўному уплыву” – 8-га ліпеня тамсама на Пляцы Волі яны агітавалі падлеткаў адмовіцца ад піва, раздаючы ім мінэралку. Але дармовае мінэралкі хапіла хіба на першыя 10 хвілін, і акцыя аніякага посьпеху ня мела.

Напярэдадні фэстывалю віцебская міліцыя перайшла на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, прычым на дапамогу ім мабілізаванае “падмацаваньне” з розных райцэнтраў Віцебшчыны. Па віцебскім тэлебачаньні было паведамлена, што ўсяго ахоўнікаў правапарадку будзе каля 1 200 чалавек, і частка зь іх будзе знаходзіцца на працы бяз формы – у цывільным. Як было патлумачана, -- для таго, каб не хваляваць дарма людзей і не псаваць ім адпачынак.

Між іншым, для некаторых катэгорыяў насельніцтва адпачынак у часе “Славянскага базару” – гэта менавіта магчымасьць прагуляца па горадзе, зьесьці марозіва або выпіць піва, а зусім не наведаньне канцэртаў, бо білеты каштуюць дорага. Так мяркуе і супрацоўніца фестывальнае касы спадарыня Натальля.

(Спадарыня Натальля:) Увогуле білеты купляюць “сярэднія” людзі, бо ня ў кожнага ёсьць такі заробак, каб вялікія грошы за адзін канцэрт на аднаго чалавека выкінуць. Напэўна, копяць грошы на гэта ці ня ўвесь год . І ўжо няма білетаў на Маісеева, на Лявонцьева, на Валерыю. Увогуле горш за ўсё прадаюцца білеты на конкурс маладых выканаўцаў – іх ніхто ня ведае, і ніхто ня хоча на іх білеты браць.

Яшчэ, як распавяла спадарыня Натальля, вельмі мала набываюць білетаў на адкрыцьцё і зкрыцьцё фэстывалю: яны сёлета каштуюць да 100 тысяч, і іх пераважна разьмяркоўваюць для абавязковага распаўсюду на прадпрыемствах, дзе людзі зьбіраюць на 1-2 білеты грошы ўсім цэхам або аддзелам.

Што яшчэ чакае віцяблянаў і гасьцей горада, апрача фэстывальных канцэртаў, разрэклямаваных па тэлевізіі? Упершыню ў Віцебску ў дні фэстывалю пройдзе міжнародная асамблея FIDOF – Міжнароднай Фэдэрацыі Фэстывальных арганізацый, у якую ўваходзяць 25 краінаў. Зазвычай пасяджэньні праходзяць у Канах, але сёлета сябры FIDOF ня толькі прыедуць у Віцебск, але й выступяць перад тутэйшай публікай.

У астатнім, апрача вядомага ўсім кірмашу “Горад майстроў” і выступаў самадзейных тутэйшых ды замежных калектываў, сёлета ў Віцебску ўпершыню арганізаваныя паветраныя экскурсіі над Віцебскам – на самалёце або верталёце. А ў парку імя Фрунзе ахвотным прапанаваны экстрэмальны атрыкцыён з элемэнтамі альпінізму, праўда, з прычыны адсутнасьці скал давядзецца лезьці на дрэвы. Па Дзьвіне будуць плаваць байдаркі, а па горадзе пусьцяць конныя павозкі .Усё гэта разам ёсьць высілкамі тутэйшых турыстычных фірмаў, якія выконваюць пастанову пра неабходнасьць завабліваць іншаземных турыстаў.

Яшчэ ахвотныя змогуць сёньня ўбачыць адкрыцьцё пасьля рэканструкцыі Кіраўскага мосту праз Дзьвіну, на якое чакаюць Аляксандра Лукашэнку. Адкрыўшы мост, праз некалькі гадзін ён адкрые і фэстываль.
XS
SM
MD
LG