Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Concerto grosso” Арлена Кашкурэвіча


Валянціна Аксак, Менск Увечары 14 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася пэрсанальная выстава клясыка беларускае графікі, народнага мастака краіны Арлена Кашкурэвіча.

Амаль усе творы вялікае экспазыцыі майстра шырокай публіцы прадстаўленыя ўпершыню. Прысутныя на вэрнісажы прыхільнікі ягонай творчасьці былі ўражаныя глыбокай пачуцьцёвасьцю вобразаў, вастрынёй псыхалягізму і тонкім лірызмам 76-гадовага мастака.

У экспазыцыі, разьмешчанай па пэрымэтры галерэі Нацыянальнага мастацкага музэю, якую на вэрнісажы Арлен Кашкурэвіч назваў найлепшай, дзе яму даводзілася выстаўляцца, публіка пабачыла тры ягоныя новыя графічныя сэрыі. “Гэтае мілае гарадзкое жыцьцё”, “Гульцы” і “Concerto grosso ”. Апошняя дала назоў усёй выставе, якая ўсьцешыла, уразіла, а некаторых, нават загартаваных спэцыялістаў, шакавала. Гаворыць мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн.

(Фінкельштэйн: ) “Мы ўсе жывем у чаканьні нейкага мастацкага шоку. І шукаеш яго заўсёды недзе. А калі тое, што здаецца, ведаеш, як сваё жыцьцё, і калі ў гэтым бачыш сэрыю “Гульцы”, і раптам адчуваеш гэты мастацкі шок – гэта тое, чаго не чакаеш, але гэта атрымалася. З мудрасьцю, з часам, з усім тым, што набылося, ён ня страціў вастрыні, ён ня страціў пачуцьцёвасьці, ён ня страціў сучаснасьці і вышэйшага ўзроўню, сусьветнага”.

Арлен Кашкурэвіч, будучы ўжо прызнаным мастаком, ілюстраваў калісьці першую кнігу Паўла Марціновіча, што нямала паспрыяла посьпеху маладога паэта. І ён, як і многія іншыя беларускія літаратары, небеспадстаўна лічыць мастака сваім суаўтарам. А яшчэ найлепшым стваральнікам графічных вобразаў гётаўскага Фаўста.

(Марціновіч: ) “У іх прысутнічае, у гэтых ілюстрацыях, ня толькі фантастычна высокі прафэсіяналізм, але адчуваецца і страшэнна такая атмасфэра несамавітасьці, жахлівасьці, але якая не пераходзіць у паталёгію”.

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў ведае творчы шлях Арлена Кашкурэвіча ці не ад самага пачатку. А вось чым прывабіла яго новая экспазыцыя майстра.

(Арлоў: ) “Нягледзячы на ўзрост ці нейкія ваганьні жыцьцёвыя, гэта чалавек вялікай творчасьці. Ён малюе ня проста партрэт чалавека, ён бярэ яго ў нейкіх экстрэмальных сытуацыях, у нейкай сувязі з прыродай. Ну а гэты, дзівосны проста віялянчэльны ягоны цыкаль…”

Згаданы кінарэжысэрам Уладзімерам Арловым вобраз віялянчэлі, якая стала галоўнай гераіняй цыклю “Concerto grosso” (“Вялікі канцэрт”) выклікала шырокі рэзананс у публікі глыбокім трагізмам створаных вобразаў. Чаму менавіта віялянчэль грае ў руках маэстра журботную мэлёдыю жыцьця? Вось што сказаў на гэтае пытаньне Арлен Кашкурэвіч.

(Кашкурэвіч: ) “Віялянчэль – вельмі прыгожы інструмэнт, падобны да жанчыны. І вось гэты чалавек, такі абстрактны чалавек, ён робіць нейкія спробы ўвайсьці ў гармонію з прыгажосьцю, а гармоніі ніяк не атрымліваецца…”

Трагічная нота гэтага мастацкага вобразу ніяк не паўплывала на агульны ўзьнёслы настрой вэрнісажу, які падкрэсьлівалі хіты сусьветнае музычнае клясыкі ў выкананьні знанага беларускага віялянчэліста Ігара Алоўнікава.
XS
SM
MD
LG