Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл: "Рана ці позна ў Беларусі адбудуцца перамены"


Ул.інф. “Нягледзячы на тое, што сытуацыя ў Беларусі складаная, тут рана ці позна адбудуцца перамены”, -заявіў у інтэрвію аўстрыйскай “Die Presse” былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Пэрспэктывы беларускага разьвіцьця сталі таксама тэмай іншых нямецкамоўных СМІ.

“Час палітычных пераўтварэньняў у посткамуністычных краінах, нават такіх аўтакратычных як Беларусь, ня скончыўся”, - гаворыць у размове з журналістам аўстрыйскага выданьня “Die Presse” колішні чэскі дысыдэнт Вацлаў Гавэл. Некалькі тыдняў таму разам са сваімі аднадумцамі і сябрамі, такімі як сэнатар Карл Шварцэнбэрг, ён стварыў арганізацыю падтрымкі Беларусі.

“Мы хочам дапамагчы тым ў Беларусі, хто зацікаўлены ў будаўніцтве свабоднага і лібэральнага грамадзтва. Падтрымка накіраваная ў тым ліку праваабаронцам, чые арганізацыі перасьледуюцца рэжымам Лукашэнкі”, гаворыць Вацлаў Гавэл. Паводле Гавэла, рэвалюцыі ў былых савецкіх рэспубліках кшталту той, якая адбылася ва Ўкраіне, накіраваныя супраць посткамунізму і мафіёзных структураў старой намэнклятуры. “Людзі шукаюць шляхі да аднаўленьня, а таксама альтэрнатыву кіраўніцтву”, - гаворыць Вацлаў Гавэл у інтэрвію “Die Presse”.

Тым часам нямецкаe радыё Deutsclandfunk прыводзіць вынікі апошніх незалежных сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі. Згодна зь імі, у пераменах зацікаўленая прыкладна палова насельніцтва. Прычым абавязковых палітычных пераменаў хочуць 17 адсоткаў. Большасьць жа зацікаўленая ў эканамічных рэформах.

Бэрлінскі палітоляг Аляксандр Рар камэнтуе гэтыя лічбы наступным чынам: “Патэнцыял пратэсту беларусаў супраць Лукашэнкі значна меншы за патэнцыял пратэсту ўкраінцаў супраць Кучмы. Лукашэнка мае харызму, што вельмі істотна для гэтае краіны. Таму магчымы ўплыў Захаду на Беларусь ня трэба перабольшваць. Ён будзе меншым за той, які быў ва Ўкраіне” .

Паводле нямецкага аналітыка, вельмі істотна тое, што беларуская эліта, беларускае насельніцтва, якія маюць праэўрапейскую арыентацыю і сур’ёзна зьвязваюць будучыню сваёй краіны з аб’яднанай Эўропай, ведаюць, што эўрапейцы думаюць пра Беларусь, пра яе пэрспэктывы, пра палітыку добрасуседзтва, пра дэмакратычны трансфэр. “Гэты дэмакратычны трансфэр прыйдзе, хоча таго Лукашэнка ці не”, -гаворыць палітоляг Аляксандар Рар у праграме нямецкага радыё Deutsclandfunk.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG