Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прадукты даражэюць у Беларусі


Юлія Шарова, Менск Сёлета Беларусь перастала займаць першае месца паводле ўзроўню інфляцыі сярод краінаў СНД. Індэкс росту спажывецкіх коштаў па выніках першага паўгодзьдзя склаў 4%. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч. Аднак некаторыя тавары і паслугі ў краіне даражэюць па-ранейшаму хутка.

Паказьнікі інфляцыі ў Беларусі сёлета нават ніжэйшыя, чым у Расеі, – канстатаваў падчас прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра эканомікі Уладзімер Адашкевіч. Там за першае паўгодзьдзе кошты падвысіліся на 8 адсоткаў. Ва Ўкраіне гэты паказьнік быў 6,4 адсотка. Такім чынам, у заплянаваны гадавы паказьнік – інфляцыя ў 10 адсоткаў – Міністэрства эканомікі пакуль укладаецца.

Як паведаміў намесьнік міністра Уладзімер Адашкевіч, кошты на хлеб падвысіліся на 1,4 адсотка, крыху болей падаражэлі малако й малочныя прадукты, больш значным быў рост цэнаў на мяса – 5,3 адсотка. А вось рыба й морапрадукты падаражэлі за шэсьць месяцаў на 7,3 адсотка, і такая зьява спэцыялістаў турбуе. Адметна, што два гады таму, калі кантроль за імпартам рыба і морапрадуктаў аддавалі Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, шмат гаварылася пра тое, што такі захад паспрыяе зьніжэньню цэнаў на гэтую групу тавараў.

Са словаў спадара Адашкевіча вынікае, што рост коштаў на рыбу й морапрадукты адбыўся з аб’ектыўных прычынаў, прычым збольшага кошты падвышаліся напачатку году.

(Адашкевіч: ) "У нас скарацілася крыху дастаўка рыбы, альбо яе закупка ў Расейскай Фэдэрацыі. І ўсё гэта было зьвязана з увядзеньнем ПДВ па краіне прызначэньня. У большай ступені нам давялося завозіць рыбу й морапрадукты са скандынаўскіх краінаў. Кошт менавіта ў гэтых краінаў быў вышэйшы, чым у Расеі. Цяпер гэтыя пытаньні збольшага адрэгуляваныя, хоць тут было нашае дзяржаўнае ўмяшаньне. І сёньня мы ня бачым нейкіх праблемаў, якія былі б зьвязаныя з імпартам рыбы і коштамі на рыбу й морапрадукты”.

Аднак былі й пазыцыі, па якіх інфляцыя атрымалася нулявая. Кажа Ўладзімер Адашкевіч.

(Адашкевіч: ) “Ад пачатку гэтага году кошт на гарэлку ў нас у краіне не зьмяняўся. І пакуль ён ня будзе зьмяняцца, я мяркую, цягам найбліжэйшых двух-трох месяцаў таксама. У нас не зьмяняўся акцыз на гарэлку, у нас не зьмянялася й цана на гарэлку”.

Амаль не даражэў у Беларусі цукар: за апошні год кошты ўзьняліся толькі на 5 адсоткаў. Зусім не ўздымаліся кошты на камунальныя паслугі - цьвердзіць намесьнік міністра эканомікі. Выняткам сталі тарыфы на электрычнасьць ды газ, якія штомесяц падвышаюцца на 2 адсоткі. Павялічылася таксама плата за тэхнічнае абслугоўваньне жытла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG