Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Лёндане дзень смутку па загіблых у часе тэрактаў


Мікола Пачкаеў, Лёндан Сёньня ў Брытаніі і іншых краінах 2-хвілінным маўчаньнем адзначалася памяць ахвяраў тэрактаў у Лёндане. Рашэньне аб такім ушанаваньні ў рамках усяго Эўразьвязу было ўчора прынятае ў Брусэлі.

А 12-й гадзіне сёньня я выйшаў на галоўную гандлёвую вуліцу нашага раёну ў паўночным Лёндане. Транспарт прыпыніў рух, праца крамаў і офісаў спынілася - пэрсанал, кліенты і пакупнікі выйшлі на вуліцу і моўчкі сталі пры дарозе. У цэнтры Лёндану да жалобнага сходу на вуліцах далучыліся прадстаўнікі цэркваў, афіцыйныя асобы і грамадзкія дзеячы.

Гэтак лёнданцы адгукнуліся на прынятае ўчора ў Брусэлі рашэньне аб ушанаваньні памяці загіблых. Падобныя жалобныя маўклівыя сходы адбыліся сёньня і ў іншых краінах Эўразьвязу; у Францыі, да прыкладу, хвіліна жалобы перапыніла сьвяткаваньні нацыянальнага сьвята - дня штурму Бастыліі. Сёньня ўвечары на Трафальгарскай плошчы ў цэнтры Лёндану яшчэ спэцыяльны жалобны сход з удзелам мэра і знакамітых асобаў.

Першыя вынікі расьсьледаваньня тэрарыстычных актаў сталі ў гэтыя дні сапраўдным шокам для многіх брытанцаў. Насуперак пачатковым паведамленьням, выбухі аказаліся актамі тэрарыстаў-самагубцаў. Нагадаю, што гэта першы выпадак самагубчых замахаў у Эўропе. Другім шакуючым адкрыцьцём стаў той факт, што двое зь ліку тых, хто, паводле паліцыі, ажыцьцявілі выбухі, былі народжаныя ды выраслі ў Брытаніі, хаця іх бацькі паходзілі з Пакістану. Адзін быў спартоўцам ды гуляў у крыкет, другі быў школьным настаўнікам. Брытанская прэса і тэлебачаньне прысьвячаюць шмат часу дэбатам, спрабуючы асэнсаваць: што ж ператварае асобу, народжаную і выхаваную тут, у тэрарыста-самагубцу, які імкнецца забіць як мага болей сваіх звычайных суграмадзянаў у аўтобусе ці ў мэтро?

Брытанскі ўрад імкнецца не дапусьціць напружанасьці паміж шматмільённай мусульманскай супольнасьцю ў краіне і рэштай насельніцтва; прынц Чарльз у сваім сёньняшнім артыкуле ў газэце “Mirror” зазначае, што дзеяньні тэрарыстаў матываваліся ня ўласна ісламам, а зламысным перакручваньнем ісламу. Ён дадае, аднак, што і на самой мусульманскай супольнасьці таксама ляжыць адказнасьць прадухіляць экстрэмізм. Другім кірункам захадаў з боку ўраду ёсьць падрыхтоўка больш жорсткага антытэрарыстычнага заканадаўства, у тым ліку што тычыцца дазволаў на ўезд замежнікаў у Вялікабрытанію.
XS
SM
MD
LG