Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Гары Потэр чарговы раз зачаруе сваіх прыхільнікаў?


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Магічныя заклінаньні, злыя чараўнікі і фантастычныя істоты – кнігі пра Гары Потэра зачаравалі мільёны чытачоў рознага веку ва ўсім сьвеце. Цяпер хлопчык-чараўнік мае намер чарговы раз зачараваць сваіх прыхільнікаў – у атмасфэры вялікага рэклямнага шуму ў суботу выходзіць чарговы, шосты том прыгодаў Гары Потэра.

За куфрам з каштоўным грузам замкнуліся дзьверы браніраванага грузавіка ў Нью-Ёрку. У ім у адмысловай шкляной скрынцы знаходзіцца копія апошняй кнігі “Гары Потэра” з аўтографам аўтаркі Джаан Роўлінг. Кніга перасякла Атлянтычны акіян на ляйнэры “Каралева Мэры 2” і цяпер, як кажуць выдаўцы, знаходзіцца ў “бясьпечным тайным месцы” перад суботняй прэзэнтацыяй.

Ад часу, калі гісторыя пра Гары Потэра дэбютавала ў 1997 годзе, у сьвеце прададзеныя 250 мільёнаў асобнікаў прыгодаў малога чараўніка. Кнігі спадарыні Роўлінг перакладзеныя больш чым на 60 моваў – паводле іх зьнятыя ўжо тры мастацкія фільмы.

Цяпер мільёны чытачоў ва ўсім сьвеце чакаюць шостай часткі прыгодаў хлопчыка, які даведаўся, што ён – чараўнік. У папярэдніх кнігах Гары Потэр вывучаў сваё майстэрства, а таксама ўступаў у барацьбу са злом у школе магіі для чараўнікоў.

Чакаецца, што гэты том прыгодаў будзе прадавацца ня горш, чым папярэднія. Інтэрнэт-крама Amazon.com паведамляе, што толькі ў яе кнігу замовілі больш за мільён кліентаў. Прадстаўнікі сфэры гандлю кнігамі чакаюць вялікіх прыбыткаў.

“Гэта будзе найбольш папулярная кніга году, стагодзьдзя, і адна з найбольш папулярных кнігаў усіх часоў”, - кажа Джон Гоўэлз зь кніжнай крамы сеткі “Откэрз” зь Вялікай Брытаніі.

На гэтым тыдні сетка зьмяніла назву з “Откэрз” на “Поткэрз” у гонар прэзэнтацыі новай кнігі пра Потэра – у 130 крамах сеткі ў дзень прэм’еры супрацоўнікі будуць апранутыя ў касьцюмы герояў кнігі.

Адметна, што стваральніца “Гары Потэра” – самотная маці Джаан Роўлінг напісала сваю першую кнігу, каб неяк зарабіць на ўтрыманьне сям’і, аднак у выніку гэтая кніга прынесла ёй мільёны.

Шостая частка прыгодаў Гары Потэра – не апошняя. Джаан Роўлінг, аднак, кажа, што ўжо думае пра жыцьцё і творчасьць “пасьля эры Потэра”.
XS
SM
MD
LG