Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці прадае Беларусь стралковую зброю ў месцы ўзброеных канфліктаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтымі днямі ў нью-ёрскай штаб-кватэры ААН праходзіць сустрэча прадстаўнікоў краінаў, якія абавязаліся не распаўсюджваць стралковую зброю ў месцах канфліктаў. Афіцыйны Менск агучыў заяву, што Беларусь строга прытрымліваецца гэтага правіла. Між тым, незалежныя аглядальнікі не выключаюць, што такія словы разыходзяцца з рэальнасьцю.

Ці прадае Беларусь стралковую зброю ў месцы ўзброеных канфліктаў? Афіцыйныя асобы заяўляюць, што гэта немагчыма. Такую заяву днямі зрабіў прадстаўнік Беларусі пры ААН Алег Іваноў. Ён запэўніў: краіна актыўна супрацоўнічае з ААН у справе кантролю над продажам стралковай зброі і нават робіць захады дзеля зьнішчэньня яе лішкаў. У гэтай справе, паводле другога беларускага прадстаўніка — Аляксандра Сычова, Менску шмат дапамагае АБСЭ.

Між тым, сьвет усё больш хвалюе праблема паставак стралковай зброі ў рэгіёны, дзе не спыняюцца шматгадовыя вайсковыя канфлікты. Этыёпія, Судан, Руанда, Сьера-Леонэ, Кот-д’Івуар, Лібан, Косава — вось няпоўны пералік гарачых кропак, якія пад асаблівай увагай міжнароднай супольнасьці. Беларусь вызначылася продажам пэўных відаў зброі ў некаторыя з гэтых краінаў — у прыватнасьці, фіксаваліся пастаўкі бронетэхнікі і артылерыйскіх сыстэмаў у Судан і Кот-д’Івуар. У мэдыях зьяўлялася інфармацыя і пра экспартныя апэрацыі зь беларускімі зэніткамі і ракетамі. Аглядальнікі не выключаюць, што тая зброя магла трапіць у Этыёпію ды адну з краінаў Блізкага Ўсходу. Гэта мяжуе з адкрытым парушэньнем рэзалюцыяў ААН.

Як ацэньваюць сытуацыю незалежныя крыніцы? Вось што распавёў вядомы вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін:

(Алесін: ) “Беларусь прадавала стралковую зброю. Праўда, гэта было ў першай палове 1990-х гадоў, нават яшчэ ў 1995 годзе. Тады шмат якія краіны выкінулі на рынак лішкі, што засталіся ў вялікай колькасьці на складах пасьля развалу СССР. І Беларусь, Украіна таксама. Да таго ж па ліцэнзіі пачалі вырабляць аўтаматы Калашнікава Чэхія, Баўгарыя, Польшча, Эгіпет. Таму, мяркую, у другой палове 1990-х гадоў і цяпер няма вялікай пэрспэктывы ў продажы звычайнай стралковай зброі. Але іншая рэч — гэтак званыя дабаўкі да звычайнай зброі. Аўтаматы з нашымі прыцэламі, лазэрныя ўказальнікі рэзка павышаюць баявыя якасьці зброі. Нездарма да нас нядаўна прыяжджаў славуты Міхаіл Калашнікаў, якога цікавілі найперш прыцэлы да ягонага аўтамата. Вось тут сапраўды існуе разьдзяленьне працы”.

Аляксандар Алесін паведаміў, што “калашнікавы” расейскай вытворчасьці застаюцца найбольш прывабнымі для пакупнікоў стралковай зброі. Нізкі рэйтынг іншых вытворцаў тлумачыцца тым, што хоць Масква і прадала ім ліцэнзіі на вытворчасьць, але захавала пэўныя сакрэты. У прыватнасьці, удвая лепшымі лічацца аўтаматныя рулі расейцаў. “Такім чынам, калі Беларусь далучаецца да расейскіх паставак стралковай зброі, яна з аднаго боку можа гарантаваць сабе высокія прыбыткі, а з другога — пасьпяхова бараніцца ад абвінавачаньняў у парушэньні міжнародных дамоваў. Такі шлях магчымы”, — ня выключыў Аляксандар Алесін.

(Алесін: ) “Тавар двайнога прызначэньня, як тыя ж прыцэлы, можа быць куплены любой краінай сьвету ці бізнэсоўцам любой краіны сьвету, і абмежаваньняў на такія зьдзелкі няма. Канечне, аўтаматы могуць купіць у адным месцы, прыцэлы — у іншым”.

Два тыдні таму на рынку ўзбраеньняў адбыўся вялікі скандал вакол пастаўкі 100 тысяч расейскіх аўтаматаў “АКМ” у Вэнэсуэлу. Шмат краінаў выказалі занепакоенасьць, што гэтая зброя можа хутка апынуцца ў калюмбійскіх мафіёзі ці ў так званых “чырвоных” партызанаў іншых суседніх краінаў. Аднак гэтыя галасы не паўплывалі на расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і вэнэсуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса. Вядома, што мала прыслухоўваецца да аргумэнтаў звонку і беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка, які актыўна супрацоўнічае з Масквой у справе гандлю зброяй.
XS
SM
MD
LG