Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалёгія нэафашызму ў Беларусі ня зьнішчаная


Галіна Абакунчык, Менск Скінгэды – моладзевая суб’культура, якая зьявілася ў Брытаніі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Назву можна перакласьці з ангельскай, як “голеныя галовы”. Напачатку скінгэды былі збольшага апалітычныя, але з часам сярод іх распаўсюд атрымалі ідэі расізму і нэанацызму, хоць існуюць і групоўкі зь левымі палітычнымі перакананьнямі.

У Беларусі скінгэдаў пачалі актыўна абмяркоўваць у 90-я гады, калі ў краіне зьявіліся філіі расейскай арганізацыі “Русское национальное единство”, якая прапагандуе ідэі расізму ды гаворыць пра існаваньне “адзінай рускай нацыі”, якая нібыта аб’ядноўвае беларусаў, расейцаў ды ўкраінцаў.

На вуліцах гарадоў пачалі зьяўляцца графіці з фашысцкай свастыкай і антысэміцкімі заклікамі. Таксама былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі несанкцыяваных маршаў, нападу скінгэдаў на іншаземцаў, а таксама на жыхароў краіны, якія размаўлялі па-беларуску. Найбольш вядомы прыклад, калі нэанацысты зьбілі актывістаў арганізацыі “Хартыя-97” Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнку, а пазьней актывістаў “Маладога фронту”.

У 2002 годзе скінгэды неаднойчы атакавалі і ў цэнтры Менску — гэтак было з групай замежных габрэяў, а таксама напалі на мясцовага рабіна і ягонага сына. Тады ж яны ўварваліся ў офіс Беларускага культурнага аб’яднаньня “Беларуская хатка”, зламалі дзьверы і размалявалі памяшканьне свастыкай. У тым жа годзе так званыя скіны зьбілі лібанскага студэнта, які вучыўся ў адным зь менскіх ўнівэрсытэтаў. Тады замежныя студэнты зладзілі акцыю пратэсту, заявіўшы пра сыстэматычныя напады, якім не супрацьстаіць міліцыя.

У дзень нараджэньня Гітлера ў многіх гарах Беларусі прыхільнікі РНЕ праводзілі маршы і ўсчыналі на рынках бойкі з гандлярамі неславянскай зьнешнасьці. Пасьля таго, як у 2000 годзе ў Менску быў забіты кіраўнік беларускага РНЕ Глеб Самойлаў, а ў Віцебску былі асуджаныя трое нэафашыстаў за зьбіцьцё студэнтаў з Індыі, Лібану і Нэпалу, іхная актыўнасьць у Беларусі заўважна зьнізілася. Ні ў Міністэрстве замежных справаў, ні ў Камітэце дзяржбясьпекі не назвалі сёньняшняй колькасьці сяброў РНЕ, але заявілі, што іхная дзейнасьць цалкам падкантрольная. Гаворку можна весьці толькі пра асобныя і бессыстэмныя праявы нэанацызму, кажа прадстаўнік КДБ у сувязях з грамадзкасьцю Валеры Надтачаеў.

(Надтачаеў: ) “Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем, і яна цяпер не ўяўляе нейкай пагрозы. Тое, што асобныя выпадкі здараюцца і, верагодна, будуць здарацца, то ад гэтага не застрахаваная ніводная краіна”.

Але вяртаньня нэафашыстаў цалкам адмаўляць ня варта, паколькі пры адпаведных умовах скінгэды здольныя актывізавацца зноў, заяўляюць сябры моладзевага руху “Правы альянс”, які працуе ў справе супрацьстаяньня РНЕ. Кажа адзін зь лідэраў “Правага альянсу” Юрась Меляшкевіч:

(Меляшкевіч: ) “Ідэя фашызму існуе, і пра гэта ня трэба забывацца. Калі, да прыкладу, уладныя структуры альбо расейскія шавіністы ізноў актывізуюцца, то трэба рыхтавацца да таго, што ідэя рэваншызму можа паўстаць і паўплываць на грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG