Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі ўпершыню за 19 гадоў адкрыта прадаюць лясныя грыбы і ягады


Казімер Яноўскі, Гомель На гомельскіх рынках упершыню за пасьлячарнобыльскія гады дазволена прадаваць лясныя грыбы і ягады — вядома, пры наяўнасьці адпаведных праверак на якасьць і радыяцыйную бясьпеку. Аднак далёка ня ўся прадукцыя лесу правяраецца на наяўнасьць радыяцыі.

На Цэнтральным рынку ў гандлёвых шэрагах з боку вуліцы Катуніна лясныя чарніцы прадаюць каля дзясятка жанчын і дзяўчат-падлеткаў. Цікаўлюся ў прадавачкі чарніц з Рудні Марымонавай Гомельскага раёну, ці правярала ягады на радыяцыю.

(Прадавачка: ) “Правярала, канечне. У мяне і квіток ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі бэкерэляў у чарніцах?”

(Прадавачка: ) “Я не разьбіраюся. Яны дазволілі, значыць, харошыя — во напісалі”.

Чытаю: утрыманьне цэзію-137 — 95,4 бэкерэля на кіляграм. Паводле лагодных беларускіх санітарных нормаў такія чарніцы сапраўды дазваляецца спажываць. Найвышэйшы ўзровень забруджваньня для лясных ягад — 185 бэкерэляў на кіляграм. Аднак побач з тымі, хто праверыў свае чарніцы, гандлююць і жанчыны, у каго няма ніякіх квіткоў наконт праверкі.

(Карэспандэнт: ) “Колькі каштуюць вашы чарніцы?”

(Жанчына: ) “700 рублёў шклянка”.

(Карэспандэнт: ) “А ці правяралі вы свае чарніцы на радыяцыю?”

(Жанчына: ) “Мы зь вёскі Зябраўка. У нас лічыцца чыстая зона — там і зьбіралі. Прыпынак Саколка, а вёска Зябраўка. Ніякай радыяцыі ў нас няма”, — сьцьвярджае адна з прадавачак.

На рагу вуліцаў Катуніна і Карповіча немаладая ўжо жанчына прапануе лісічкі. Яны таксама не правераныя. Цікаўлюся ў прадавачкі — чаму?

(Жанчына: ) “Хачу хутчэй прадаць — і дахаты. А там трэба цэлы дзень стаяць ды за месца трэба яшчэ плаціць 2 тысячы рублёў”, — патлумачыла жанчына.

У лябараторыі рынку доктар-радыёляг Ала Аплачыкава тлумачыць, што на веру ніякіх грыбоў і ягад купляць нельга. У лясах нават паблізу абласнога цэнтру трапляюцца даволі моцна заражаныя радыяцыяй грыбы і ягады — у два і болей разоў вышэй дапушчальных узроўняў. Лісічкі з-пад Лоева наагул “сьвяціліся”, радыяцыя ў іх перавышала дапушчальны ўзровень больш як у дзесяць разоў.

Асабліва шмат неправеранай прадукцыі прадаецца на Прывакзальным рынку. Гэта ня толькі лясныя ягады і грыбы, але і малако. Жанчына зь вёскі Новы Двор прапануе малако па 800 рублёў за літар і тлумачыць, што яно праверанае:

(Жанчына: ) “Правяраюць тлустасьць”.

(Карэспандэнт: ) “А на радыяцыю”?

(Жанчына: ) “Ведаеце, у нас амаль што няма гэтай радыяцыі. Я аналізаў не ўзяла”.

(Карэспандэнт: ) “Купляюць малако без праверкі?”

(Жанчына: ) “Купляюць, каму трэба”.
XS
SM
MD
LG