Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці лідэра мясцовых скінгэдаў прысудзілі да “хіміі”


Алег Супрунюк, Берасьце Паводле выраку суду выкладчык гісторыі Сяргей Мартынюк, якога лічаць лідэрам берасьцейскіх скінгэдаў, атрымаў тры з паловай гады абмежаваньня волі. Адзін год быў адразу скасаваны з прычыны амністыі.

Сяргея Мартынюка абвінавацілі ў тым, што сёлета ў красавіку на аўтобусным прыпынку разам з паплечнікамі ён зьдзейсьніў напад на Кірыла Кучынскага, аматара альтэрнатыўнай музыкі. У судзе былі зачытаныя зьвесткі, паводле якіх пацярпелага зьбівалі нагамі, а падставай для зьбіцьця сталася нібыта тое, што ў Кірыла — доўгія валасы. У самога Сяргея Мартынюка адразу пасьля здарэньня міліцыянты знайшлі кастэт, які лічыцца халоднай зброяй.

У часе сьледзтва высьветлілася, што спадар Мартынюк ужо некалькі гадоў зьяўляецца кіраўніком берасьцейскай суполкі скінгэдаў. Пра гэта сьведчылі асабістыя тлумачэньні абвінавачанага, а таксама літаратура і атрыбутыка, што захоўваліся ў ягонай кватэры.

Яшчэ адной адметнай акалічнасьцю гэтай справы ёсьць тое, што Сяргей Мартынюк пасьля заканчэньня Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту атрымаў чырвоны дыплём і два апошнія гады выкладаў гісторыю ў адной зь мясцовых школаў.

Дырэктар гэтай школы Аляксандар Лазарук прыгадвае, што адразу зьдзівіўся, чаму малады настаўнік ходзіць з паголенай галавой і ў камуфляжнай вопратцы. Аднак паводле прафэсійнай дзейнасьці заўвагаў да падначаленага ў дырэктара не было. Аляксандар Лазарук кажа, што ў яго ёсьць шмат пытаньняў наконт падрыхтоўкі настаўнікаў у вышэйшых навучальных установах.

(Лазарук: ) “Чаму гэтым чалавекам не займаліся ва ўнівэрсытэце, калі ён ужо даўно зьяўляецца скінгэдам і сваіх дзеяньняў не хаваў? Мяне гэта зьдзіўляе. А цяпер чамусьці зьвязваюць толькі зь ягонай выкладчыцкай працай у школе? Паводле ўсіх дадзеных ён, хутчэй за ўсё, ужо даўно ўдзельнічаў ва ўсіх гэтых разборках”.

За некалькі дзён да судовага выраку, які прызначыў Сяргею Мартынюку тры з паловай гады абмежаваньня волі, ён напісаў заяву на звальненьне са школы. Аднак маці пацярпелага хлопца Сьвятлана Кучынская ня лічыць, што рашэньне суду паўплывае на сьветапогляд лідэра мясцовых скінгэдаў.

(Кучынская: ) “Было, канечне, вельмі страшна. Я мяркую, што на падставе таго, што ён ўсё зразумеў і ўсьвядоміў, можна было казаць, што ён памыляўся. Але нічога гэтага не было. Ні ў мяне, ні ва ўсіх ён не прасіў прабачэньня”.

Сваё пакараньне, якое паменшана на адзін год на падставе амністыі, Сяргей Мартынюк мусіць адбываць у адной з папраўчых установаў адкрытага тыпу (так званая “хімія”) у межах Берасьцейскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG