Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Міхаіла Марыніча не выключаюць, што ў яго зноў пагоршылася здароўе<b/>


Алег Грузьдзіловіч, Менск Другі дзень да Міхаіла Марыніча, які знаходзіцца ў турэмным шпіталі, не дапускаюць адваката. Сваякі апазыцыйнага палітыка апасаюцца, што ў яго зноў пагоршылася здароўе.

Адвакат Валянціна Шаханцова мусіла сустрэцца зь Міхаілам Марынічам у сераду, 13 ліпеня, але яе не пусьцілі ў на тэрыторыю менскай калёніі, дзе ў шпіталі знаходзіцца апазыцыйны палітык. Гэта ж паўтарылася сёньня, 14 ліпеня. У адміністрацыі калёніі адвакатцы заявілі, што няма заявы ад Міхаіла Марыніча на сустрэчу з адвакатам.

Між тым, сын Марыніча Павал не выключае, што ў ягонага бацькі зноў пагоршылася здароўе і да яго не дапускаюць нікога звонку, каб гэтая інфармацыя не распаўсюдзілася на волю. Павал Марыніч нагадаў, што пра ўсе ранейшыя здарэньні з бацькам стнавілася вядома не ад прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі. Калі зь Міхаілам Марынічам у аршанскай калёніі здарыўся інсульт, адміністарцыя калёніі маўчала, згадаў сын палітыка. Паводле яго, сваякам вязьня патэлефанаваў добразычліўца і дзякуючы гэтаму ўдалося прыцягнуць увагу да сытуацыі са здароўем былога міністра ды пакласьці яго ў турэмны шпіталь. “Потым гэтак жа з затрымкай мы даведаліся, што ў бацькі пачаліся сур’ёзныя праблемы са зрокам і ён зноў патрапіў на бальнічны ложак. Пра ягонае здароўе цяпер мы ня ведаем”, — заявіў Радыё Свабода Павал Марыніч.

Міхаіл Марыніч быў асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня і адбыў за кратамі ужо амаль год і тры месяцы. Адвакаты і сваякі вязьня спадзяюцца, што да яго будзе ўжытая амністыя і ён выйдзе на волю датэрмінова. Але калі гэта можа адбыцца, прадказаць ніхто не бярэцца. Вось што паведаміла для “Свабоды” адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова:

(Шаханцова: ) “Справа ў тым, што існуе пэўны парадак. Амністыя ў першую чаргу ўжываецца да тых, хто адразу выходзіць. Вось падышоў тэрмін з улікам амністыі — і на волю. Ён ня ў гэтай катэгорыі. Ён камісію пакуль не прайшоў”.

Раней выказваліся меркаваньні, што Марыніч выйдзе на волю прыкладна пры канцы ліпеня. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ужо неаднаразова пацьвярджалі, што Міхаіл Марыніч мае падставы разьлічваць на амністыю, аднак не казалі, калі гэта адбудзецца, спасылаючыся на тое, што канчатковае рашэньне застаецца за судом. Тэрміну судовага разгляду справы Марыніча аб амністыі таксама не паведамляюць.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую сам жа і ўзначальваў. Вінаватым ён сябе ніколі не прызнаваў і тлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, тым, што ён перайшоў у апазыцыю і меў намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG