Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы том прыгодаў пра “Гары Потэра” зьявіцца ў Беларусі толькі ў сьнежні


Ігар Карней, Менск На 16 ліпеня прызначаная ўсясьветная прэзэнтацыя чарговага тому бэстсэлера апошніх гадоў —шостай зь сямі абяцаных брытанскай пісьменьніцай Джаан Роўлінг кнігаў пра навучэнца школы чараўнікоў Гары Потэра. Калі беларускія чытачы ўбачаць новую кнігу ў кнігарнях і чаму “Гары Потэра” не выдаюць па беларуску?

Прэм’ера новай кнігі пра падлетка-чараўніка Гары Потэра (“Гары Потэр і прынц-паўкроўка”) адначасна адбудзецца ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Чытачы ў астатніх краінах далучацца пазьней. А некаторыя, у тым ліку і беларускія прыхільнікі “Гары Потэра”, патрапяць у сьвет школы чараўнікоў у лепшым выпадку пры канцы году. Пра гэта апавялі ў арганізацыі “Белкніга”, якая фармуе замовы для кніжных крамаў.

(Супрацоўніца “Белкнігі”: ) “Па-расейску толькі ў сьнежні яна зьявіцца, не раней. Будуць везьці з Расеі”.

І ранейшыя кнігі пра “Гары Потэра” траплялі ў Беларусь з Расеі і са значным спазьненьнем. Чаму беларускія выдаўцы не прапануюць сваіх паслугаў у справе выданьня і перакладу ўсясьветнага бэстсэлера на беларускую мову? Менскі выдавец Яраслаў Чапля перакананы, што прычыны тут, збольшага, эканамічныя.

(Чапля: ) “Сам твор вельмі вялікі аб’ёмам. Адпаведна, шмат трэба заплаціць перакладчыку. Вялікая праца, перакладчык запатрабуецца, можа, нават і не адзін, таму, паўтараю, неабходныя вялікія грошы. Калі нават заплацілі за пераклад, трэба выдаваць. А якім накладам? Беларускія кніжкі цяпер выходзяць па 2—3 тысячы асобнікаў. Гэта значыць, кніга акупіцца, калі будзе каштаваць тысяч 50. Кніжка ж таўстая, трэба шмат паперы, і ў нашых варунках такая кніга ніколі не акупіцца. А па акупнай цане калі прадаваць, яна будзе каштаваць шалёныя грошы, і купляць яе ўвогуле ніхто ня будзе. Які сэнс яе тады выдаваць? Калі пачнем сыходзіць з эканомікі, то прыходзім якраз да такога фінішу. Ніякай палітыкі тут няма, проста “расейскамоўнасьць” душыць рынак, ды ўсё. Калі б мне прапанавалі — давай выдадзім “Гары Потэра” па-беларуску, я б сказаў: давай палічым. І палічыў бы так, як расказаў”.

Як часта бывае, паралельна з “Гары Потэрам” зьявіліся авантурысты, якія ня супраць разбагацець на ўжо распрацаванай тэме. Паказальна, што амаль такой жа папулярнасьцю ў Расеі і суседніх краінах карыстаюцца кнігі за аўтарствам Дзьмітрыя Емеца пра прыгоды Тані Гротэр і Поры Гатэра. Нягледзячы на спробы агентаў Джаан Роўлінг спыніць распаўсюд падобнага плягіяту, плёну яны ня мелі. У любым выпадку, цяпер побач з арыгінальнымі кнігамі пра “Гары Потэра” ў вялікім асартымэнце ідэнтычна аформленыя кнігі кшталту “Таня Гротэр і студня Пасэйдона”.

Бальшыня беларускіх выдаўцоў канстатуе, што беларускі рынак фактычна перайшоў пад кантроль расейскага кніжнага бізнэсу. Выдавец Яраслаў Чапля лічыць, што наўрад ці бліжэйшым часам такая тэндэнцыя парушыцца.

(Чапля: ) “У Расеі ўсё акупляецца за кошт вялікіх накладаў. Я скажу, што калі пачаў выдаваць адну добрую газэту ў Смаленску з тым, каб прадаваць у Расею, я ўрэшце прайграў расейскім выданьням. У іх наклад быў 750 тысяч і сабекошт на адзін асобнік проста сьмешны, дзесьці капеек 70. А пры маім 25-тысячным накладзе сабекошт вылазіў дзесьці пад тры рублі. Было відаць, што я прайграю на рынку. Тое самае і з “Гары Потэрам”.
XS
SM
MD
LG