Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз - за абмежаваньне прыватных правоў на карысьць бясьпекі


Кастусь Бандарук, Прага На знак салідарнасьці з Вялікай Брытаніяй у краінах Эўразьвязу былі ўключаныя сырэны, спыніўся гарадзкі транспарт, людзі спыніліся ў маўчаньні.

Аднак краіны Эўразьвязу не абмяжоўваюцца толькі зьнешнімі жэстамі салідарнасьці з брытанцамі. Яны робяць больш рашучыя крокі ў барацьбе з тэрарызмам. У часе надзвычайнага пасяджэньня ў Брусэлі міністры юстыцыі і ўнутраных справаў абмеркавалі пытаньне хуткага прыняцьця антытэрарыстычнага заканадаўства ва ўсіх 25-ці краінах.

Яны дамовіліся сумеснымі сіламі і новымі мэтадамі змагацца з тэрарызмам. Эўразьвяз хоча, у прыватнасьці, адрэзаць тэрарыстаў ад крыніцаў фінансаваньня, кантраляваць тэлефонныя размовы і электронную пошту, а таксама абменьвацца разьведвальнай інфармацыяй.

Вялікая Брытанія, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе не прапанавала нічога новага ў галіне барацьбы з тэрарызмам. Выступаючы перад камісіяй грамадзянскіх свабодаў Эўрапарлямэнту ў сьвятле нядаўніх тэрактаў ў Лёндане міністар унутраных справаў Чарльз Кларк заклікаў проста больш рашуча ўвесьці ў сілу існуючыя законы. Дзеля гэтага ён прапанаваў на некаторы час адкласьці на другі плян пытаньне грамадзянскіх свабодаў.

Кларк заявіў, што права на жыцьцё бяз боязі перад тэрактамі - гэта таксама неад’емнае права чалавека. Паводле брытанскага міністра, павінна быць герархія чалавечых правоў ў сэнсе іх важнасьці. Права на справядлівы суд і на свабоднае выкананьне сваёй працы значна важнейшыя, чым пэўнае абмежаваньне прыватнага права, усталяваньне камэраў сачэньня альбо ўвядзеньне ідэнтыфікацыйных картачак з меркаваньняў агульнай бясьпекі.

Чарльз Кларк паведаміў, што такія мэтады прадухіленьня чарговых тэрактаў падтрымалі астатнія міністры Эўразьвязу.

(Кларк: ) “Усе мы, ва ўсім Эўразьвязе, абсалютна гатовыя паскорыць нашы высілкі, каб акты тэрору сталі для іх выканаўцаў больш складанымі. Пагадненьне дасягнутае міністрамі, канцэнтруецца на абмене шырокім спэктрам інфармацыі пра скрадзеныя выбуховыя рэчывы, пра зьмест электроннай перапіскі і тэлефонных размоваў, а таксама прадугледжваецца апэрацыйнае супрацоўніцтва паміж рознымі структурамі”.

З Кларкам пагадзіўся яго італьянскі калега Фраціні. Ён сказаў, што неабходны балянс паміж фундамэнтальнымі свабодамі і абмежаваньнямі, бо бясьпека - гэта таксама фундамэнтальнае права чалавека. Вялікабрытанія хоча, каб інтэрнэтныя і тэлефонныя кампаніі цягам году захоўвалі зьмест размоваў і перапіскі. Яшчэ ў чэрвені Эўрапарлямэнт адкінуў аналягічны законапраект на той падставе, што ён дазволіць неабмежаванае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў.

Цяпер эўрадэпутаты пачынаюць разумець, што прапанова Лёндану -абгрунтаваная. Для шмат каго было шокам, што тэрарыстамі аказаліся маладыя людзі пакістанскага паходжаньня, якія ў Вялікабрытаніі нарадзіліся й выхаваліся. Эўрапейскія міністры згодныя з тым, што неабходна больш пільна сачыць за кантактамі сваіх грамадзянаў з замежнымі экстрэмістамі, за іх вэрбоўкай такімі арганізацыямі, як "Аль Кайда".

Баючыся, што Італія можа стаць наступным аб’ектам атакі, сотні італьянскіх паліцыянтаў правялі ператрусы ў мусульманскіх суполках па ўсёй краіне. Пры гэтым яны канфіскавалі пэўную колькасьць выбуховых матэрыялаў. Францыя, якая сёньня адзначае сваё нацыянальнае сьвята, мае намер часова адмовіцца ад правілаў Шэнгенскага пагадненьня і аднавіць памежны кантроль ў рамках Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG