Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца вылучэньне дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца працэс вылучэньня дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў. Месяц таму пачаліся раённыя сходы, і да канца лета іх мяркуецца правесьці ва ўсіх рэгіёнах. Адбыліся ўжо 37 сходаў, на якіх абраныя 74 дэлегаты. Усяго ў вылучэньні дэлегатаў па ўсёй краіне ўдзельнічала каля паўтары тысячы чалавек. На кангрэсе, які адбудзецца ў верасьні, мае быць абраны адзіны кандыдат ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Многім раённым сходам, на якіх вылучаюцца дэлегаты на кангрэс, перашкаджаюць мясцовыя ўлады. Гэта пачалося зь першага сходу ў Сьветлагорску, які ўлады спрабавалі сарваць: міліцыянты затрымалі арганізатараў і ўдзельнікам давялося сабрацца на беразе ракі Бярэзіны.

У Пінску кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч быў затрыманы начальнікам раённай ДАІ, міліцыянты правялі дагляд удзельнікаў сходу, канфіскавалі інфармацыйныя матэрыялы.

У мястэчку Дамачова не дазволілі праводзіць сход, як плянавалася, у Доме культуры. На шэраг удзельнікаў зь Менску і Берасьця, а сярод іх былі вядомыя палітыкі Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч, міліцыянты склалі пратаколы нібыта за парушэньне пашпартнага рэжыму ў памежнай зоне. Зноў жа былі канфіскаваныя інфармацыйныя матэрыялы. На мясцовага дэпутата Анатоля Новікава, які вёў сход, міліцыя склала пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага сходу.

Паводле старшыні аргкамітэту ў справе правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандра Бухвостава, у Менску сходы праводзяцца на сядзібе Партыі БНФ, бо арандаваць іншыя памяшканьні ўлады не дазваляюць.

(Бухвостаў: ) “Канечне, улады занепакоеныя, але яны баяцца публічна асуджаць гэты працэс. Ім прасьцей замоўчваць яго, рабіць выгляд, што такога працэсу няма. Яны баяцца яго, таму замоўчваюць і разам з тым ціснуць, і цяпер самыя ганебныя мэтады прымяняюць супраць актывістаў апазыцыі. Многіх арыштавалі, пасадзілі, а цяпер спрабуюць сфабрыкаваць новыя крымінальныя справы. Улада асьцерагаецца гэтага працэсу і хоча яго ўсяляк падавіць”.

Паводле сябра аргкамітэту Віктара Івашкевіча, адрозна ад Менску ці Берасьця, у Круглым ці Жабінцы цяжэй сабраць неабходны кворум з 25 чалавек, якія б адкрыта далі пашпарты для рэгістрацыі на сходзе. З гэтай ды іншых арганізацыйных прычынаў шаснаццаць сходаў былі адкладзеныя.

(Івашкевіч: ) “Улады перашкаджаюць у першую чаргу запалохваньнем, усялякімі затрыманьнямі. Людзі баяцца рэпрэсіяў, і тыя, хто пагаджаецца і прыходзіць — гэта мужныя людзі”.

Аднак працэс не спыніўся: на сходы зьбіраецца часам да ста жыхароў раёну. Арганізатары спадзяюцца, што ў цэлым на кангрэс будзе абрана каля 800 чалавек. Пакуль сярод дэлегатаў каля 15% беспартыйныя, астатнія — актывісты партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, яны прэзэнтуюць увесь палітычны спэктар.

(Лябедзька: ) “Адмоўным я назваў бы недастатковую інфармаванасьць насельніцтва ў рэгіёнах аб тым, што такія сходы адбываюцца, і мала інфармацыі пра сам кангрэс. Улады не махнулі рукой на гэты працэс, і іхная задача-мінімум — мінімізаваць колькасьць людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, а задача максымум — наагул ня даць абраць дэлегатаў. Нягледзячы на гэтыя правакацыі, перашкоды, сходы прайшлі. Практычна ніхто падчас такіх правакацыяў не пакідае месца правядзеньня сходаў, людзі застаюцца. Гэта значыць, што мы маем цьвёрдую сарцавіну тых людзей, якія здольныя ня толькі на словы, але і на практычныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG