Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi ў Воршы: ці магчыма супрацьстаяць тэрарызму?


Браніслава Станкевіч, Ворша Колькасьць краінаў сьвету, якія пацярпелі ад тэрарыстычных нападаў, расьце з кожным годам, і ўся міжнародная супольнасьць выказвае занепакоенасьць пашырэньнем усясьветнага тэрарызму. Якім чынам, на вашую думку, магчыма супрацьстаяць тэрарыcтамі, змагацца зь імі? Меркаваньні аршанцаў.

(Спадар: ) “Трэба больш жорстка зь імі абыходзіцца, каб яны ведалі сваё месца, і нават ня думалі нешта такое зрабіць!”

(Спадарыня: ) “І нам самім трэба быць больш пільнымі, усім грамадзянам краіны. Ледзь што заўважылі — адразу паведаміць, куды трэба. І праваахоўным нашым органам трэба быць пільнымі, наглядаць”.

(Спадар: ) “Межы трэба ўзмацняць. Калі тэрарысты — людзі каўкаскіх нацыянальнасьцяў, то і ўвогуле можна не пускаць іх сюды!”

(Спадарыня: ) “Трэба пазбавіць іх грошай! Калі ў іх ня будзе фінансаваньня, у тэрарыстаў, то яны і ня змогуць нічога зрабіць”.

(Спадар: ) “Змагацца трэба, канечне, але, хутчэй, нават не змагацца, а прадухіляць. Бо, калі яны чыняць забойствы, то забіваць у адказ — гэта таксама тэрарыстычныя мэтады. Можа, паспрабаваць перамовы. Калі гэта, да прыкладу, чачэнскія тэрарысты, то зь імі варта перамаўляцца: яны хочуць толькі сваёй незалежнасьці, і ім варта яе даць! А калі гэта тэрарысты з Аль-Каіды, то патрэбныя іншыя меры. Толькі не забойства, гэтым нічога ня вырашыцца!”

(Дзяўчына: ) “Напэўна, з мусульманскімі краінамі трэба наладзіць добрыя дачыненьні, каб яны супраць нас не ішлі. У нас такія дачыненьні ня дужа, трэба іх разьвіваць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што можна змагацца,і грошы ёсьць на гэта. Але ў Беларусі няма тэрарызму, і гэтае пытаньне неактуальнае”.

(Спадарыня: ) “Трэба змагацца ўсім разам, таму што гэта агульная праблема, і тычыца ня толькі Расеі, Англіі ці Амэрыкі. Яна закранае ўсіх нас”.

(Спадар: ) “З тэрарызмам увесь сьвет змагаецца, таму нельга казаць, што нас гэта ня тычыцца. І казаць, што ў нас тут поўная бясьпека — гэта таксама няправільна! Меры перасьцярогі мусяць быць!”

(Дзяўчына: ) “Можа, нам трэба войска павялічваць, каб гэтаму супрацьстаяць? І адмыслова вучыць вайскоўцаў змагацца з тэрарыстамі”.

(Спадар: ) “З тэрарызмам змагацца трэба, праўда, я неяк не задумваўся, якім жа чынам. Але змагацца трэба абавязкова, бо тэрарызм — гэта страшная рэч!”

(Спадарыня: ) “Я думаю, калі будуць стасункі добрыя паміж дзяржавамі ды ўсімі народамі, то будзе вельмі няшмат тэрарызму”.
XS
SM
MD
LG