Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рак ня рыба, кажан ня птушка


Антаніна Хатэнка, Менск Цьверджаньне рак ня рыба, кажан ня птушка мае найбагатшы й годны шэраг дапаўненьняў і ўдакладненьняў.

Як толькі ні падкрэсьліваюць у народзе падабенства рэчаў і зьяў, паніжаючы іх вартасьць у супастаўленьні зь нечым ідэальным, мроеным, ды пакуль не дасягненым. І выглядае зь пераліку гэтакіх своеасаблівых адмаўленьняў каштоўнасная сыстэма гаспадароў гэтага краю. Прынамсі, добра відно, што беларус ня лічыць дастаткова істотным, каб занадта вытрачваць на яго энэргію й час.

Зрэшты, лепей разам выслухаць тыя прадаўнія адпрэчаньні: сыр не закуска, кум не сваяк; лахман не адзежа, зацірка ня ежа; рубель ня грошы, а гад ня брат; грошы не мякіна, баба не мужчына; курыца ня птушка, гультай не чалавек, балбатун не гаспадар.

Мне дык уцешна сьвядоміць, што баба ўсё-ткі – не мужчына: хоць і абазвалі ня надта ласкава, затое да людзей яшчэ, з панскае ласкі, прылічаюць. А некалі ў юнацтве так і лупцавалі хлопцы па сэрцы, жорстка й чужамоўна: курица не птица, баба не человек (ці: Польша – не заграница).

Толькі цяпер уразумела: на зямлі нашай гэтакіх аналёгій і не збудоўвалі – жанчыны з куркай-няптушкай. З усходу тое “паветрые” зьяўлялася й асядала, разьядаючы душы.

Удома ж, калі вясёла-адчайна кажуць: рак ня рыба, кажан ня птушка, – здагадваюся: шукаюць сутнасьці землякі, яшчэ не зусім змарнелыя, каб усялякую падробку за сапраўднасьць прыняць... Бо й насамрэч усё адпавядае свайму прызначэньню, а таму, вядома ж, рак ня рыба, кажан ня птушка.
XS
SM
MD
LG