Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 ліпеня 1500 году ў бітве з маскоўскім войскам загінулі больш за 4 тысячы чалавек з войска Канстанціна Астроскага


RFE/RL 14 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Кузьма і Дзям’ян. У народзе іх лічылі апекунамі сенакосу і падрыхтоўкі да жніва. А Кузьму – паводле сугучнасьці імя – яшчэ й апекуном кавальства. Таму ў кузьнях у гэты дзень не працавалі.

14 ліпеня 1500 году адбылася няўдалая для беларусаў бітва пяцітысячнага войска на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім з 20-тысячным маскоўскім войскам на рацэ Вядрошы (каля Дарагабужа). Загінула болей за 4,5 тысячы чалавек з харугваў гетмана. Сам Канстанцін Астроскі і мноства ваяроў патрапілі ў маскоўскі палон. Рэваншам гэтай паразы стане Аршанская бітва 1514 году, калі Астроскі з трыццацітысячным войскам ушчэнт разаб’е 80-тысячную маскоўскую армію.

14 ліпеня 1913 году ў Вільні было заснаванае Беларускае Выдавецкае Таварыства – галоўнае на той час беларускае кніжнае выдавецтва ў сьвеце. Стварыў яго на базе тагачаснай рэдакцыі “Нашай Нівы” Іван Луцкевіч разам зь сябрамі. Дзясяткі кніг мастацкае літаратуры, календароў і падручнікаў, альманахаў і слоўнікаў надрукавала Беларускае Выдавецкае Таварыства за чвэрць стагодзьдзя свае дзейнасьці.

14 ліпеня ў 1743 годзе ў Казані нарадзіўся расейскі прыдворны паэт Гаўрыла Дзяржавін. Дзяржавін ня толькі пісаў оды царам, але адзначыўся і ў палітыцы. Напрыклад, удзельнічаў у палацавым перавароце, у выніку якога на пасад узышла імпэратрыца Кацярына ІІ, а таксама -- у разгроме паўстаньня Емяльяна Пугачова.

14 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканская пісьменьніца Гарыэт Бічэр-Стоў, кніжку якой “Хаціна дзязькі Тома“ ў дзяцінстве чыталі ўсе; Ірвінг Стоўн, таксама амэрыканец, які пісаў біяграфічныя раманы пра Ван Гога, Джэка Лёндана, Фройда і іншых славутасьцяў; Джэральд Форд, ужо за нашай памяцьцю прэзыдэнт ЗША, 38-ы па ліку; Інгмар Бэргман, знакаміты швэдзкі кінарэжысэр.

14 ліпеня ў 1891 годзе нарадзіўся Пятро Бузук, беларускі мовазнавец. Бузук ачольваў Інстытут мовазнаўства Акадэміі Навук напярэдадні бальшавіцкае рэформы беларускае мовы ў 1933-м годзе, склаў першы атлас беларускіх дыялектаў. Натуральна, Пятро Бузук не прыняў згаданае рэформы і быў рэпрэсаваны, як, зрэшты, і амаль усе ягоныя калегі – беларускія мовазнаўцы.
XS
SM
MD
LG