Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесю Пушкіну далі даведку, чаму ў галерэі ў Крупках непажаданы партрэт Васіля Быкава<b/>


Вячаслаў Кулік, Менск У райцэнтры Крупкі на Меншчыне пачала працаваць новая выставачная галерэя. Напярэдадні чыноўнікі райвыканкаму наведалі майстэрню вядомага мастака Алеся Пушкіна ў тамтэйшай вёсцы Бобр і, па словах гаспадара, прапаноўвалі супрацоўніцтва. Але замест запрашэньня на адкрыцьцё галерэі Пушкін атрымаў даведку, чаму там непажаданы патрэт Васіля Быкава.

На партрэце Быкава, выкананага мастаком Алесем Пушкіным, Васіль Уладзіміравіч адвярнуўся й ідзе прэч ад калгаснага фашызму. За ім застаюцца фэрмы пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. АМОН зьбівае дубінкамі дойны статак, а паміж гэтага статку, гэтых кароў, ёсьць анёлы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. І жанчына зь дзіцем уцякае да лесу – гэта вобраз тае грамадзкасьці, якую апісваў Васіль Уладзімеравіч у сваіх апошніх прыпавеьцях. Сёлета ў Віцебску партрэт Васіля Быкава зьнялі з выставы. І, напэўна, нельга было спадзявацца, што чыноўнікі з правінцыйнага гарадку больш сьмелыя, чым у абласным цэнтры. Але менавіта крупскія вэртыкальнікі прапаноўвалі Алесю Пушкіну магчымасць выставіць свае творы ў новай галерэі.

(Пушкін: ) “Да мяне прыехалі: намесьнік вэртыкальшчыка Загорскі, загадчыца адзьдзелу культуры Кукарцава і спадар Буры. Я зьдзівіўся: “Што гэта чыноўнікаў прывяло ў хатку пад бел-чырвона-белым сьцягам? Яны ў адказ: “Аляксандр Мікалаевіч, нарэшце ваша мара зьдзейсьнілася!” Я кажу: “Што, пасадзілі жулікаў з нашага раёну?” “Не, мы адкрываем мастацкую галерэю. Просім вас прыняць удзел. Выбірайце сабе залю і выстаўляйце творы”, – кажуць яны. Я: “Добра, абавязкова, выдатна! Я гатоў выставіць працы, толькі дзьве умовы: без цэнзуры і каб надпісы былі на беларускай мове. Я выстаўляю пяць працаў: партрэт Быкава, партрэты маці ,бацькі, жонкі і свой". Перад самым адкрыцьцём галерэі мне патэлефанавала загадчыца аддзелу культуры і паведаміла: “На жаль, аддзел культуры ня можа пайсьці на прапанаваныя вамі ўмовы”.

Крупская галерэя месьціцца ва ўтульным доміку на беразе ракі Бобр. Мясцовы ваенкамат перадаў культуры былы пункт мэдычнага агляду прызыўнікоў. Паводле вайскоўцаў, колькасьць кантынгенту для арміі настолькі скарацілася, што адпала неабходнасьць у асобным памяшканьні. Факт адкрыцьця галерэі ў Крупках Алесь Пушкін ацэньвае наступным чынам.

(Пушкін: ) “Што ж рабіць, калі ў нас у раёне няма Жан-Батыста Гроза ці Сыкэйраса? Ёсьць мастак Гамін, 80 гадоў яму. Ёсьць Сяргей Варламаў. Дарэчы, вісіць там карцінка майго вучня Мішы. Ён мне гаварыў: “Ай, Аляксандр Мікалаевіч, толькі вас не было. Я быў, дык 70 тысяч рублёў далі і мэдаль”.

Гліняную мэдальку ад раённага начальства мастак не атрымаў, бо меў годнасьць не саступіць сваім перакананням”.

(Пушкін: ) “Партрэт Быкава яны разгледзелі і мне гэтая начальніца культуры гаварыла: “Не, Аляксандр Мікалаевіч, пакуль жывыя вэтэраны, такога выставіць мы ня можам”. Я гавару: “Падпішыце мне дакумэнт, што вы не прынялі патрабаваньне мастака”. Гаворыць: “Калі ласка", і падпісала. У мяне ёсьць гэты дакумэнт”.

У Беларусі працягваецца ігнараваньне ўзгадкаў пра Васіля Быкава. Гэтым разам забаронены паказ ягонага партрэта ў мастацкай галерэі райцэнтра Крупкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG