Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці нацыяналізуюць недзяржаўны інстытут?


Юлія Шарова, Менск Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў стане адзінай прыватнай ВНУ ў Беларусі, на аплату навучаньня ў якой можна будзе атрымаць ільготны крэдыт. Выйшаў указ прэзыдэнта, згодна зь якім гэты інстытут паводле такой сыстэмы аплаты навучаньня прыраўнялі да дзяржаўных ВНУ.

Указ № 319 дае грамадзянам Беларусі права на атрыманьне льготнага крэдыту на аплату навучаньня, калі яны атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю ў ВНУ Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэта тычыцца студэнтаў дзённага аддзяленьня. Раней ільготныя крэдыты можна было атрымліваць толькі на аплату навучаньня ў дзяржаўных ВНУ ды ў тых, што належаць спажывецкай каапэрацыі.

Падпісаньне гэтага дакумэнту абгрунтаванае неабходнасьцю зьнізіць кошт адукацыі ў навучальных установах ФПБ, а таксама павялічыць колькасьць спэцыялістаў, запатрабаваных прафсаюзнымі й дзяржаўнымі арганізацыямі.

У краіне ўсяго адна навучальная ўстанова ФПБ – Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў у Менску. Інстытут недзяржаўнай формы ўласнасьці, заснаваны ў 1992 годзе, на сёньня мае філіі ў Гомелі й Віцебску, прадстаўніцтва ў Горадні. Там навучаецца больш за тры тысячы студэнтаў. Кошт навучаньня не перавышае сярэдніх цэнаў на адукацыю ў прыватных ВНУ – за 900 даляраў на дзённым аддзяленьні й 500 даляраў на завочным.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук расцэньвае гэты ўказ як спробу яшчэ раз падтрымаць афіцыйныя прафсаюзы – арганізацыю, ляяльную да дзяржаўнай палітыкі. Пры гэтым спадар Ярашук не адмаўляе таго, што Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў сапраўды дае якасную адукацыю – варта прыгадаць, што дыплём гэтай навучальнай установы прызнаецца ў эўрапейскіх краінах.

(Ярашук: ) "Сёньня Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі мае відавочны, яскрава пацьверджаны фаварытызм з боку ўладаў, мы ведаем, чаму гэта адбываецца. І менавіта з шэрагу вось гэтых падыходаў і стаўленьня да ФПБ і тлумачацца гэтыя захады, каб палегчыць студэнтам, якія там займаюцца, атрымаць адпаведныя дыплёмы".

Са словаў Аляксандра Ярашука, гэта найперш ідэалягічны і палітычны крок з боку ўладаў, якія яшчэ раз хочуць падкрэсьліць сваю прыхільнасьць да афіцыйных прафсаюзаў.

Прарэктар зачыненага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў лічыць гэты ўказ дыскрымінацыйным, бо такім чынам студэнты адной недзяржаўнай навучальнай установы атрымліваюць прывілеі ў параўнаньні са студэнтамі іншых камэрцыйных ВНУ. Разам з тым, адзначае спадар Дунаеў, зьяўленьне гэтага дакумэнту цалкам укладаецца ў рэчышча агульнай тэндэнцыі – паступовае выцясьненьне недзяржаўных навучальных установаў.

(Дунаеў: ) "Магу парадавацца за студэнтаў гэтага інстытута, бо яны атрымліваюць магчымасьць нейкай фінансавай падтрымкі, ды засмуціцца з нагоды таго, што астатнія студэнты недзяржаўных інстытутаў такой падтрымкі ня маюць. Але мне падаецца, што колькасьць студэнтаў вось гэтых іншых інстытутаў гэтулькі хутка скарачаецца, што неўзабаве гэта ўжо ня будзе праблемай".

Увогуле, разважае Уладзімер Дунаеў, у такіх варунках нельга выключаць і таго, што Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў могуць празь некаторы час нацыяналізаваць. Іншыя ж прыватныя інстытуты проста паступова зачыняцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG