Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў лічыць, што ў Беларусі зашмат недзяржаўных гуманітарных вышэйшых навучальных установаў


Любоў Лунёва, Менск Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа будзе існаваць у падпольных умовах. Міністар адукацыі пад час прэсавай канфэрэнцыі паведаміў журналістам, што такога ліцэю не існуе.

Старышня Камітэту Дзяржкантролю Анатоль Тозік сёлета прызначаны старшынём камісіі кантролю за падрыхтоўкай і правядзеньнем уступных экзаменаў у вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Разам з міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым яны ладзілі прэсавую канфэрэнцыю аб асноўных выніках цэнтралізаванага тэставаньня і ўступнай кампаніі.

Міністар адукацыі заявіў, што сёлета ўпершыню абітурыенты мелі магчымасьць выбару мовы. Але статыстыка сьведчыць, што па хіміі, фізыцы, біялёгіі тэсты па-беларуску здавалі толькі 4,5% абітурыентаў ад агульнай колькасьці.

У галоўныя дзяржаўныя ўнівэрсытэты сталіцы на сёньняшні дзень вельмі нізкі конкурс. Аляксандр Радзькоў патлумачыў гэта тым, што абітурыенты пакуль чакаюць, якім будзе сярэдні бал. Прагноз такі, што 15 ліпеня, у апошні дзень падачы дакумэнтаў, колькасьць жадаючых паступіць на прэстыжныя спэцыяльнасьці ўзрасьце ў некалькі разоў. Міністар запэўніў, што прыёмныя камісіі ў апошні дзень будуць працаваць да 12-й гадзіны начы, а, калі спатрэбіцца, дык і ўсю ноч.

Што тычыцца перспэктывы існаваньня недзяржаўных унівэрсытэтаў, дык, на думку спадара Радзькова, у краіне зашмат навучальных установаў з гуманітарнай адукацыяй. Ён запэўніў, што перадусім будуць паступова закрываць філіі недзяржаўных ВНУ, як гэта адбылося з Інстытутам сучасных ведаў.

Анатоль Тозік асноўнай прычынай таго, што ў Беларусі занадта невялікая колькасьць недзяржаўных установаў, дзе выпускаюць спэцыялістаў-тэхнікаў, назваў адсутнасьць матэрыяльнай базы. Факультэты гуманітарнага профілю будуць скарачацца нават у дзяржаўных установах:

(Тозік: ) “Мы ў прыватных ВНУ даем такі ж дыплём, як і ў дзяржаўных, і нясем адказнасьць перад чалавекам. Потым чалавек з вышэйшай адукацыяй – юрыст, псыхоляг, эканаміст, вымушаны стаць на біржу працы. Му мусім рэгуляваць падрыхтоўку спэцыялістаў-гуманітарыяў, значна скарачаючы іх колькасьць, у тым ліку і ў дзяржаўных ВНУ. Бачыце, што ў БДУ? На факультэце міжнародных адносінаў? Мы ўжо падрыхтавалі дыплляматаў на ўвесь былы Савецкі Саюз. І што цяпер рабіць?”

Наконт пэрспэктываў падпольнага ліцэю навучэнцы якога вельмі пасьпяхова здалі тэсты ў школах, нават лепш за сваіх аднагодкаў, Аляксандр Радзькоў адказаў наступным чынам:

(Радзькоў: ) “Мы далі магчымасьць дзецям пайсьці ў лепшыя навучальныя ўстановы Менску, і шмат хто пайшоў. Але ўплыў бацькоў, выкладчыкаў, магчыма і жаданьне дзяцей… На сёньняшні дзень ліцэя Якуба Коласа няма. Я ня ведаю такой навучальнай установы. Як будзе сытуацыя разгортвацца далей? У нас ёсьць заканадаўства, і трэба яго выконваць. Тое, што яны паступаюць ва ўнівэрсытэты Польшчы, калі ласка, гэта права тых дзяцей. Няхай вучацца”.

Нагадаю, Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа знаходзіцца ў Польшчы да 1 верасьня. Там навучэнцам далі магчымасьць вучыцца й адпачываць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG