Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз абмяркоўвае праблему тэрарызму


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня ў Брусэлі адбылося тэрміновае пасяджэньне міністраў унутраных справаў і юстыцыі краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Сустрэчу склікала Вялікая Брытанія, якая старшынюе цяпер у Эўразьвязе, каб абмеркаваць сытуацыю пасьля тэрарыстычных замахаў у Лёндане.

Як і чакалася, міністар унутраных справаў Вялікай Брытаніі Чарльз Кларк не запрапанаваў нейкіх новых захадаў для барацьбы з тэрарызмам – замест гэтага ён сказаў, што хоча, каб лепш выкарыстоўваліся тыя мэханізмы, якія Эўрапейскі зьвяз ужо мае. Прамаўляючы ў Брусэлі перад камітэтам Грамадзянскіх свабодаў Эўрапейскага парлямэнту, Кларк заявіў, што пасьля лёнданскіх замахаў Эўразьвяз павінен пачаць займацца барацьбой з тэрарызмам “з прысьпешанай хуткасьцю”.

(Кларк: ) “Права чалавека паехаць на мэтро ў Лёндане ў чацьвер раніцай і ня быць узарваным – гэта важнае права чалавека, каб паставіць яго побач зь іншымі правамі, зь якімі мы маем дачыненьне”.

Міністар унутраных справаў Вялікай Брытаніі гаварыў пра герархію “грамадзянскіх правоў”. На ягоную думку, права на справядлівы суд ці бясьпечнае падарожжа да месца працы больш важнае, чым, напрыклад, абмежаваньне права на прыватнае жыцьцё, калі гэта патрэбна, каб узмацніць бясьпеку.

Папярэдні варыянт выніковай дэклярацыі сустрэчы міністраў, зь якім пазнаёміўся наш карэспандэнт, прадугледжвае ўзмацненьне аховы межаў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама больш хуткае і больш эфэктыўнае выкананьне шэрагу іншых захадаў, якія былі ўзгодненыя раней.

Да канца году Эўрапейскі Зьвяз выпрацуе новы плян, які прадугледжвае паляпшэньне абмену інфармацыяй паміж сьледчымі органамі краінаў Эўразьвязу і новыя захады ў барацьбе з фінансаваньнем тэрарыстычнай дзейнасьці.

Лёндан настойвае таксама, каб тэлефонныя і інтэрнэт-кампаніі на ўсёй тэрыторыі аб’яднанай Эўропы захоўвалі запісы аб тэлефонных званках і электронных лістах, прынамсі, цягам году.

На пачатку чэрвеня Эўрапейскі парлямэнт адкінуў увядзеньне гэткіх патрабаваньняў, заявіўшы, што гэта можа парушыць права грамадзянаў Эўразьвязу на прыватнае жыцьцё.

Міністар унутраных справаў Вялікай Брытаніі Чарльз Кларк, аднак, лічыць, што для дзяржаўных службаў мець такія запісы ад кампаніяў надзвычай важна, перадусім калі гаворкай ідзе пра сачэньне за асобамі, што падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

Кларка падтрымаў і міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро.

Эўрапейскія міністры вырашылі таксама ўзмацніць агульныя намаганьні, каб не дазволіць тэрарыстычным арганізацыям вэрбаваць новых людзей у Эўропе. Брытанскія ўлады лічаць, што апошнія замахі ў Лёндане ўчыненыя маладымі мусульманамі, якія нарадзіліся ў Вялікабрытаніі і, магчыма, мелі сувязі з тэрарыстамі з-за мяжы.

Брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр ужо заявіў, што ён неадкладна пачне працаваць з ісламскімі арганізацыямі ў Вялікай Брытаніі, каб спыніць працэс радыкалізацыі настрояў сярод маладых мусульманаў.
XS
SM
MD
LG