Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская дапамога беларускім дзецям — кантрабанда?


Казімер Яноўскі, Гомель Каля 120 тон гуманітарнага грузу, дастаўленага з Італіі ў Гомельскую вобласьць яшчэ напачатку красавіка, да гэтага часу ляжыць на складзе Гомельскай мытні. Харчы, адзеньне, школьныя прылады прызначаныя для дзяцей інтэрнатаў, сельскіх школ, а таксама шпіталяў. Некалькі тон прадуктаў, у тым ліку пірагі да Вялікадня, ужо сапсаваліся.

Начальніца аддзелу арганізацыі кантролю Гомельскай мытні Людміла Салган паведаміла, што дабрачынны груз з Італіі паступіў на адрас Міжнароднага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Дапамога дзецям Чарнобылю”:

(Салган: ) “Коратка магу сказаць так, што грамадзкае аб’яднаньне да гэтага часу не прадаставіла ўсіх неабходных дакумэнтаў дзеля мытнага афармленьня дабрачыннага грузу. Груз ляжыць на складзе часовага захоўваньня. У некаторых прадуктаў сапраўды скончыўся тэрмін годнасьці. У прыватнасьці, у велікодных пірагоў тэрміны спажываньня закончыўся 18 красавіка”.

Прадстаўнікі аб’яднаньня “Дапамога дзецям Чарнобылю”, якое ўзначальвае Генадзь Карэцкі, у сваю чаргу, лічаць, што нельга прыраўняць гуманітарныя грузы і камэрцыйныя. Перапісаць усе найменьні тавараў, што ўкладзеныя ў пакункі, складана нават фізычна — іх дзясяткі тысяч. Гаворыць намесьнік кіраўніка аб’яднаньня “Дапамога дзецям Чарнобылю” Валер Адахоўскі:

(Адахоўскі: ) “З 1 красавіка да гуманітарных грузаў пачалі прад’яўляць патрабаваньні як да любога камэрцыйнага грузу. Раней “гуманітарка” дэкляравалася ў спрошчанай форме. Мы прынялі канвой з 12 аўтафургонаў. Кожная італьянская сям’я камплектавала сваю пасылку. Перапісаць усе практычна немагчыма. У мінулую пятніцу наша сытуацыя разглядалася ў Дэпартамэнце гуманітарнай дапамогі кіраўніцтва справаў прэзыдэнта з удзелам Дзяржаўнага мытнага камітэту і начальніка Гомельскай мытні Васіля Гнацюка. Чакаем цяпер пратаколу гэтага паседжаньня. Дакумэнты на дэкляраваньне грузу мы падалі, але пытаньне па сутнасьці яшчэ ня вырашана”.

Гуманітарную дапамогу ўжо чацьверты месяц чакаюць дзеці са школаў-інтэрнатаў Гомелю, Рэчыцы, Васілевічаў, шэрагу сельскіх школ. Тым часам дапамога ўсё яшчэ ўзважваецца і пералічваецца на мытным складзе, іменныя пакункі — таксама. Італьянцы ня ведалі, што пасылка для канкрэтнага вучня, дасланая на адрас школы, у Беларусі лічыцца кантрабандай, калі няма хатняга адрасу школьніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG