Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца 12 апосталаў, між якіх былі Сымон і Юда.


RFE/RL Нашыя продкі акурат у гэты час пачыналі баранаваць папар. Вось з чаго нарадзілася прыказка “На Сымона і Юды конь баіцца груды”.

13 ліпеня 1828 году нарадзіўся беларускі асьветнік Іван Малышэўскі. Ён прыйшоў на сьвет у Нягневічах на Наваградчыне, атрымаў грунтоўную багаслоўскую адукацыю ў Жыровіцах, Менску і Кіеве, напісаў шмат кніг, у тым ліку пра Кірылу Тураўскага і сьвятых Кірыла і Мятода. Зьвяртае на сябе ўвагу энцыкляпэдычная характарыстыка поглядаў Івана Малышэўскага, цытую: “Прыхільнік агульнаславянскага культурнага адзінства, аднак схільнасьцяў да расейскага панславізму не выказваў”.

13 ліпеня 1944 году чырвоная армія ўвайшла ў Вільню. Адныя называюць гэтую падзею вызваленьнем, другія - акупацыяй.

Акурат у той дзень, калі армія савецкага вайскаводцы Чарняхоўскага пераходзіла віленскі Зялёны мост, у Вугоршчыне нарадзіўся Эрнё Рубік, які вырасьце і стане вынаходнікам знакамітага на ўвесь сьвет кубіка.

13 ліпеня ў 1985 годзе на спаборніцтвах у Парыжы Сяргей Бубка ўпершыню ў сьвеце пераадольвае ў скачку вышыню 6 мэтраў.

А яшчэ сёньняшні дзень увайшоў у гісторыю знакамітымі пакараньнямі і забойствамі.

Гэтак 13 ліпеня 1793 году ў Парыжы быў забіты правадыр якабінцаў у францускай рэвалюцыі Жан-Поль Марат. Забіла яго прыхільніца жырандыстаў Шарлота Кардэ, якая прыйшла да Марата быццам бы дзеля інтэрвію. Марат пагадзіўся на гутарку. Сам пры гэтым прымаў ванну. Шарлота стала называць яму імёны ягоных ворагаў у Нармандыі. Марат пачаў запісваць, прыгаворваючы, што абавязкова адправіць ворагаў на гільятыну. Тым часам Кардэ выхапіла нож і ўдарыла ім проста ў Маратава сэрца.

А ў Расеі 13 ліпеня 1826 году пакаралі сьмерцю пяцёх сьнежнікаў. Малады імпэратар Нікалай І сам кіраваў сьледзтвам і вырашыў забіць толькі самых асноўных завадатараў паўстаньня. Астатніх сьнежнікаў выслалі ў Сыбір.

13 ліпеня 1943 году намецка-фашыстоўскія акупанты пакаралі сьмерцю найбольш вядомую літоўскую савецкую партызанку Маріте Мельнікайте. Было ёй усяго 20 гадоў. Яшчэ зусім нядаўна імя Мельнікайтэ насілі вуліцы ці ня ў кожным літоўскім горадзе. А сёньня кажуць, што ніякая яна не літоўка і сапраўднае імя яе Маша Мельнікава. Праўда, адна вуліца Марыце Мельнікайтэ засталася. Толькі не ў Літве, а ў Менску.
XS
SM
MD
LG