Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 13-га ліпеня перад 23-й гадзінай паводле менскага часу заплянаваны старт амэрыканскага касьмічнага чаўнака Discovery.


Кастусь Бандарук, Прага Для амэрыканскіх навукоўцаў гэты палёт – справа прэстыжу. Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA хоча даказаць, што дзякуючы грунтоўнай праверцы і выпраўленьню ўсіх тэхнічных непаладак, чаўнакі поўнасьцю бясьпечныя, а Злучаныя Штаты зноў апярэджваюць іншыя краіны ў дасьледаваньні космасу.

Мільёны людзей, у першую чаргу навукоўцы з касьмічнага агенцтва NASA з хваляваньнем будуць сачыць за стартам Discovery. Вакол мысу Канавэрал будуць лётаць самалёты з тэлекамэрамі, а магутныя радары зарэгіструюць кожны найменшы прадмет, які адарвецца ад чаўнака.

Амэрыканскія навукоўцы баяцца паўтору трагедыі, якая здарылася 30 месяцаў таму. 1 лютага 2003 году, у часе вяртаньня на зямлю, літаральна на вачох сьведкаў чаўнок Columbia разьбіўся. Усе сем чальцоў экіпажу загінулі. Цягам мінулым двух гадоў інжынэры з NASA ўстанавілі на чаўнаках новыя сыстэмы забесьпячэньня і ўзмацнілі зьнешнюю абшыўку караблёў. Падчас падрыхтоўкі да палёту ў космас ад аднаго з вакенцаў адарвалася плястыкавая плянка і, падаючы з вышыні 20 мэтраў, яна пашкодзіла ізаляцыйную тэрмічную плітку ў задняй частцы чаўнака.

Discovery павінен быў паляцець ужо ў траўні, аднак амаль ў апошнюю хвіліну інжынэры вырашылі ўнесьці некалькі паправак, у прыватнасьці, яны змантавалі сыстэму, якая не дазваляе зьнешняй абшыўцы карабля абледзянець. Экспэрт ў пытаньнях космасу, выдавец часопісу “Касьмічныя палёты” Кліў Сымпсан мяркуе, што, магчыма, гэтым разам ўсё пройдзе нармальна.

(Сымпсан: ) "Мы ніколі ня можам быць упэўненыя на 100%, але я думаю, можам з упэўненасьцю сказаць, што спэцыялісты вырашылі праблему тэхнічных непаладак і цяпер ўжо ня будзе сур’ёзных праблемаў ў часе палёту”.

Гэтым разам на Discovery паляцяць у космас таксама 7 чалавек. Экіпажам камандуе жанчына-палкоўнік Эйлін Мары Колінз. Яна ўжо тройчы лётала на касьмічных чаўнаках, у тым ліку й двойчы на арбітальную станцыю. Ў 1999 годзе яна стала першай жанчынай, якая кіравала чаўнаком. Сярод касманаўтаў ёсьць таксама чужынец. Гэта японец Саічы Нагучы, прадстаўнік японскага касьмічнага агенцтва, які ў космас ляціць упершыню.

Заданьне пастаўленае перад касманаўтамі ня надта складанае. Яны павінны паставіць на міжнародную арбітальную станцыю неабходныя прадукты і тэхнічнае абсталяваньне. Двое з чальцоў экіпажу са спэцыяльнай камэрай зробяць тры касьмічныя шпацыры ва ўмовах бязважкасьці, каб праверыць тэхнічны стан карабля. Яны выпрабуюць таксама розныя мэтады рамонту станцыі на выпадак, калі б здарылася аварыя падобная, як ў выпадку Columbia. У выпадку нейкіх сур’ёзных непаладак NASA падрыхтаваная да розных варыянтаў выратаваньня экіпажу: ад рамонту чаўнака да эвакуацыі астранаўтаў на міжнародную станцыю. На ёй астранаўты павінны вытрымаць, эканомячы рэсурсы да часу, пакуль па іх прыляціць адзін з двух здольных да палёту чаўнакоў: Atlantis або Endever.

Палёты касьмічных чаўнакоў мелі прывесьці да росквіту міжнароднай касьмічнай станцыі. Аднак пакуль яна дзейнічае дзякуючы расейцам, якіх старая ракета "Саюз" і безэкіпажны "Прагрэс" самі давозяць на станцыю касманаўтаў і запасы. Эўрапейцы лічаць, што дасьледаваньне космасу з дапамогай безэкіпажных касьмічных караблёў дастаткова эфэктыўнае і значна таньнейшае. Некалькі эўрапейскіх касьмічных робатаў ў хуткім часе прызямляцца на розных плянэтах сонечнай сыстэмы. Аднак NASA хоча даказаць, што палёты зь людзьмі на борце маюць сэнс і гэта мае сёньня пацьвердзіць палёт Discovery.
XS
SM
MD
LG