Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць новыя правілы дарожнага руху?


Ігар Карней, Менск Як паведамілі ў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, цягам апошніх двух месяцаў, калі вялося грамадзкае абмеркаваньне новай рэдакцыі правілаў дарожнага руху, у спэцыяльную камісію паступіла больш за 750 прапановаў. Многія зацікаўленыя асобы пры гэтым зазначаюць, што чарговая рэвізія правілаў, якія ў папярэдняй рэдакцыі не праіснавалі і двух гадоў, аб’ектыўна нічым не матываваная.

Паводле Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, штогод спэцыялізаваныя школы рыхтуюць больш за 110 тысяч аўтааматараў і прафэсійных кіроўцаў, а ўсяго ў Беларусі каля трох мільёнаў чалавек маюць права на кіраваньне аўтамабілем. Як сказаў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Анатоль Сушко, такая прапорцыя вымушае раз-пораз уносіць папраўкі ў правілы дарожнага руху.

(Сушко: ) “Больш за 750 прапановаў унесена ў праект новых правілаў. Мяркую, да 15 ліпеня гэтая колькасьць яшчэ падвысіцца. Канцэптуальна правілы дарожнага руху ўжо склаліся; яны прайшлі Савет міністраў, ухваленыя кіраўніком краіны, таму адносна якой лініі будуць фармавацца патрабаваньні, ужо прыкладна вызначана”.

Рэвізію правілаў дарожнага руху ініцыяваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, ён абурыўся: на вуліцы сонца сьвеціць, а “бедных кіроўцаў” прымушаюць езьдзіць з уключанымі фарамі. Гэта было сказана 17 лістапада, а ўжо 19-га зьмены ўведзеныя прэзыдэнцкім указам. Але перапісваць правілы з нагоды адных фараў ня сталі — было абвешчанае так званае грамадзкае абмеркаваньне. Цяпер асноўныя спрэчкі ідуць вакол самой падрыхтоўкі кіроўцаў: ці варта больш увагі надаваць практычнаму навучаньню, а не як дагэтуль — тэарэтычнаму? Гаворыць загадчык аддзелу бясьпекі руху НДІ “Транстэхніка” Міхаіл Сьвістун:

(Сьвістун: ) “Прапануецца павялічыць практычнае кіраваньне да 50 гадзінаў (цяпер 29 гадзінаў). Але мы лічым, што 50 гадзінаў для практыкі — гэта вельмі шмат, максымальна, што можна — 38—39 гадзінаў. У Расеі гэта 32 гадзіны, у суседзяў нашых ёсьць і 25 гадзінаў, і 12. Хоць, магчыма, варта яшчэ разгледзець пытаньне аб скарачэньні пераліку вызначэньняў. Бо навошта кіроўцу ці пешаходу ведаць, што такое “тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху”? Дастаткова ведаць асноўныя палажэньні, якія сапраўды запатрабуюцца ў жыцьці”.

Як кажуць у ДАІ, правілы будуць перапісаныя не істотна. Хіба толькі больш жорсткія санкцыі будуць да кіроўцаў, якія сядаюць за руль нецьвярозымі, а таксама, паводле некаторых зьвестак, легалізуюць так званыя антырадары. У зьвязку з гэтым кіраўнік Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч лічыць, што патрэба ў рэвізіі правілаў дарожнага руху збольшага надуманая.

(Маркевіч: ) “Ня варта першай асобе ў дзяржаве займацца другараднымі справамі. Гэта па-першае. Па-другое, грамадзкая дыскусія мусіць весьціся мінімум год, каб людзі рэальна маглі выказацца. Бо ставіць людзей у загадзя нявыгадныя ўмовы — гэта непрыстойна з боку дзяржавы. Паводле нашых зьвестак, за мае выказваньні ў прэсе адносна памылковасьці рашэньня наконт фараў, канфіскацыі машынаў, пададзеныя дакумэнты на ліквідацыю нашай арганізацыі. Усё гэта не заўважаным для ўладаў не прайшло”.

Яшчэ пры канцы мінулага году супрацоўнікі ДАІ пісалі тлумачальныя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю: рух з уключанымі фарамі дазволіў зьнізіць дарожна-транспартны траўматызм. Колькасьць наездаў на пешаходаў скарацілася на 3%, сутыкненьняў на скрыжаваньнях — на 10%, а колькасьць загінулых у сьветлы час сутак — на 25%. Але да гэтай статыстыкі прэзыдэнт не прыслухаўся. Між тым, днямі Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі дарожнага руху Расеі выступіла з ініцыятывай увядзеньня абавязковай нормы пра рух на тэрыторыі Расеі з уключанымі фарамі круглы год. Такая норма зьяўляецца абавязковай у суседняй Латвіі і шэрагу іншых эўрапейскіх краінаў.
XS
SM
MD
LG