Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец сказаў бацькам, што будзе “ісьці да канца”


Уладзімер Глод, Менск Маці і бацька былога дэпутата Сяргея Скрабца наведалі яго 13 ліпеня ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён знаходзіцца ад моманту арышту, з 15 траўня. У ізалятары Сяргей Скрабец правёў галадоўку пратэсту, якая цягнулася каля 40 дзён.

Ніна Рыгораўна, маці Сяргея Скрабца, нават пасьля сустрэчы з сынам ня можа дакладна сказаць, ці аднавіў ён галадоўку:

(Скрабец: ) “Ён кажа, што мяса зусім ня есьць, што ён то спыняе галадоўку, то потым зноў аднаўляе. Сяргей пабачыў, што я гэтым вельмі засмучаная, і кажа: “Не хвалюйся, я ўжо пачаў есьці”. Але я не магу дакладна сказаць, спыніў ён галадаваньне ці не. З выгляду ня скажаш, што ён спыніў галадоўку. Вельмі ён худы, вельмі. Сінякі пад вачыма”.

Але маці экс-парлямэнтара сьцьвярджае, што сын ня думае здавацца:

(Скрабец: ) “Настрой у яго бадзёры, адчувае сябе нармальна. Сказаў, што робіць фізычныя практыкаваньні, адціскаецца ад падлогі. І, кажа, ня трэба табе, мама, плакаць. А бацьку сказаў, што калі б ім не перашкаджала шкло ў пакоі для наведнікаў, дык ён бы зь падужаўся. Настрой у яго бадзёры”.

Маці Сяргея Скрабца ўпэўненая, што сын будзе і далей змагацца:

(Скрабец: ) “Сказаў: да канца буду ісьці. Яны мяне арыштавалі ні за што. Я ўчора была ў сьледчага, прасіла, каб ён зьмяніў сыну меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Сказала пра гэта Сяргею. А ён гаворыць: не прасіце і не прыніжайцеся, ніхто вам ня пойдзе насустрач”.

Паводле адваката Міхаіла Хоміча, Сяргея Скрабца на наступным тыдні могуць перавесьці зь Берасьця ў Менск:

(Хоміч: ) “Ён мяне прасіў, каб я паразмаўляў са сьледчым. Калі Скрабца дзесьці на наступным тыдні будуць перавозіць у Менск, дык, каб быў адпаведны транспарт — а ня той вагон, у якім звычайна перамяшчаюць. Бо ён будзе цягнуцца да Менску два-тры дні. А сьпёка, ды напалена там будзе. Скрабец баіцца, што ня вытрымае такіх варункаў. Сьледчы адказаў, што ўсё будзе залежаць ад мэдычнага заключэньня: калі лекары напішуць, што можна яго перавозіць у вагоне, павязем у вагоне. Калі ж будзе напісана, што патрэбны спэцыяльны транспарт, значыць, будзе спэцыяльны”.
XS
SM
MD
LG