Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад 100 да 120 мільёнаў даляраў можа страціць Беларусь у выніку скасаваньня ЭЗ гандлёвых прэфэрэнцыяў зь Беларусьсю


Міхал Стэльмак, Менск Ад 100 да 120 мільёнаў даляраў можа страціць Беларусь у выніку адмены Эўрапейскім зьвязам гандлёвых прэфэрэнцыяў зь Беларусьсю. У такую суму беларускае Міністэрства замежных спраў ацэньвае эканамічныя наступствы магчымых санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

У Эўразьвяз зьвярнуўлася па дапамогу Міжнародная арганізацыя працы, паводле якой улады Беларусі парушаюць правы прафсаюзаў. МАП дасьледавала прафсаюзнае жыцьцё краіны і прыйшла да высновы, што апошнія некалькі гадоў незалежныя прафсаюзы адчувалі на сабе ціск з боку дзяржавы. Улады ўмешваліся ў прафсаюзную дзейнасць, яны стварылі ўмовы, пры якіх фактычна сталася немагчымым стварэньне незалежных прафсаюзаў. Многія прафсаюзныя арганізацыі вымушаныя былі спыніць сваю дзейнасць. Эўразьвяз станоўча адрэагаваў на зварот кіраўніцтва МАП і праз некалькі тыдняў зьбіраецца распачаць працэдуру часовага прыпыненьня гандлёвых прэфэрэнцыяў Беларусі. Намесьнік міністра замежных спраў Аляксандр Міхневіч назваў намер Эўразьвязу неабгрунтаваным. Паводле яго, эканамічныя санкцыі – гэта контрапрадуктыўная ініцыятыва як для простых людзей ў Беларусі, так і Эўразьвязу. А вось што зазначыў на гэты конт кіраўнік незалежнага аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Рэч у тым, што Беларусі важна супрацоўніцтва з усімі інтэграцыйнымі ўтварэньнямі. Таму што гэта ўваход на вялікі рынак–гэта 450 мільёнаў чалавек. Практычна гэта наш галоўны экспартны партнэр. Не Расея–доля Расеі ўпала да 34 працэнтаў, а менавіта Эўразьвяз. Доля Эўразьвязу вырасла да 46 працэнтаў”.

Паводле прадстаўнікоў Эўразьвязу, Беларусь мусіць выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы. У прыватнасьці, улады мусяць зарэгістраваць першасныя суполкі дэмакратычных прафсаюзаў. У прафсаюзнае заканадаўства павінны быць унесеныя зьмены, якія б зьнялі перашкоды на шляху дзейнасьці гэтых прафсаюзаў. Таксама павінна быць выканана рэкамэндацыя, што прадугледжвае удзел дэмакратычных прафсаюзаў у паседжаньнях Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях. Дарэчы, тут зараз бяруць удзел толькі афіцыйныя прафсаюзы. Менавіта Фэдэрацыю прафсаюзаў вінавацяць у сваіх праблемах прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў. Варта зазначыць, што кіраўніцтва афіцыйных прафсаюзаў уважліва сочаць за цяперашнімі захадамі МАП і Эўразьвязу. Афіцыйная прадстаўніца Фэдэрацыі прафсаюзаў Ірына Каганец ахарактарызавала іх наступным чынам:

(Каганец: ) “Эўрапейскі зьвяз разглядаў гэтае пытаньне. І яны вырашылі правесьці маніторынг. Як можа Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў патрабаваць эканамічных санкцыяў да свае краіны? Козік Леанід Пятровіч неаднаразова заяўляў, што Фэдэрацыя прафсаюзаў гатова да супрацоўніцтва зь імі”.

Між тым, прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў адмаўляюць наяўнасць прагрэсу ў прафсаюзным пытаньні. Разам з тым намер Эўразьвязу правесьці ў Беларусі маніторынг, які папярэднічае пазбаўленьню гандлёвых прэфэрэнцыяў, яны лічаць малаэфектыўным крокам. Вось, напрыклад, што выказаў на гэты конт лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Мы не можам зарэгістраваць свае структуры, таму што наймальнікі на месцах і ўлады не даюць нідзе юрыдычных адрасоў. У нашай краіне, відаць, непатрэбныя прафсаюзы, якія абараняюць правы працоўнага чалавека. Былі камісіі МАП. І было бачна, што правы парушаюцца. І гэта было агучана на сэсіі МАП. Навошта Эўразьвязу яшчэ адна папера? Эўразьвязу трэба вырашаць, каб гэтыя правы не парушаліся. А тое, што адбудзецца маніторынг, ёсць адтэрміноўкай часу. Правы ж парушаюцца. І можа здарыцца такое, што можна будзе казаць пра гэтыя парушэньні ў мінулым часе. Што правы парушаліся тых прафсаюзаў, якія згінуўлі і якіх сёньня ўжо няма. Я супраць маніторынгаў, якія толькі марнуюць час. Трэба на ўзроўні Эўразьвязу прымаць рашэньні. Патрэбна гэта рабіць не на словах, а справамі”.
XS
SM
MD
LG