Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная пракуратура адмовіла Саюзу палякаў ва ўзбуджэньні справы па факце публікацыі ў газэце "Во славу Родіны"


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадню ўчора трапіў нумар газэты Саюзу палякаў “Glos znad Niemna”, які надрукаваны ў Польшчы, бо гарадзенская абласная друкарня адмовіліся яго друкаваць. Затое цэлы месяц выходзіць пад шыльдай “Glosu znad Niemna” іншая газэта, якой у друкарні не адмаўляюць. Журналісты газэты Саюзу палякаў правялі супраць гэтага акцыю пратэсту, іх затрымалі і аштрафавалі. І вось сёньня а 14-й гадзіне паводле менскага часу ў Варшаве ў будынку Сойму адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, дзе будзе прадстаўлены новы фонд дапамогі палякам, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку гэта датычыць пакараных гарадзенскіх журналістаў.

Я быў учора ўвечары ў Саюзе палякаў, і мне сказалі, што прыйшло паведамленьне з Польскага тэлебачаньня ў Лодзі, журналісты ўжо сабралі патрэбную суму, каб іхнія гарадзенскія калегі змаглі заплаціць штрафы. Агульная сума — недзе пяць з паловай тысяч даляраў. Праявай салідарнасьці сталася таксама стварэньне гэтага фонду, які будзе сёньня прэзэнтаваны у Варшаве. Дарэчы, да гэтага спрычынілася уплывовая партыя “Закон і справядлівасьць”. У гэтым нумары “Glosu znad Niemna”, які надрукаваны ў Польшчы, пазначана, што друк аплаціў Камітэт “Салідарныя з Беларусьсю”, створаны сябрамі і прыхільнікамі гэтай партыі. Давайце паслухаем галоўнага рэдактара гэтай газэты Анджэя Пісальніка:

(Пісальнік:) “Гэта для нас неспадзяванка, сюрпрыз — выхад гэтага нумару. Мы ведаем, што іншыя палякі ў Беларусі яго атрымалі і мы вельмі радыя, што знайшліся людзі, якія вось такую ініцыятыву праявілі і нават знайшлі спосаб, каб нам даслаць, каб мы пабачылі і іншыя чытачы пабачылі, што ня гледзячы на ўсе неспрыяльныя страшэнныя ўмовы “Glos znad Niemna”жыве. Няхай сабе надрукаваны ў Польшчы, няхай сабе, можа хто скажа, што гэта нелегальны друк, але ёсьць вельмі багатая традыцыя ў палякаў, што тычыцца нелегальнага друку”.

Гэты нумар быў надрукаваны, трапіў у Беларусь са спазьненьнем на паўтара месяцы. Тым часам выйшлі пяць нумароў “Glosu…”, які выдае былое кіраўніцтва Саюзу палякаў пад пратэкцыяй уладаў.

Дарэчы, учора Саюз палякаў атрымаў афіцыйны адказ з вайсковай пракуратуры якраз з нагоды публікацыя, якая была ў “Белорусской военной газете”, “Во славу Родины”. Публікацыя называлася “Гульня краплёнымі картамі”. У Саюзе палякаў палічылі, што аўтар абражае і прыніжае нацыянальную годнасьць палякаў, ды імкнецца распаліць нацыянальную варожасьць. І вось прыйшоў адказ на некалькіх старонках: склад злачынства ня знойдзены, крымінальную справу паводле публікацыі распачынаць ня будуць. Маўляў, карэспандэнт газэты Уладзімір Кажэўнікаў “атрымаў рэдакцыйнае заданьне напісаць аб сытуацыі, якая склалася пасьля правядзеньня 6-га зьезду Саюзу палякаў”, ён нават “спрабаваў адстойваць правы этнічных палякаў, права на аб’яднаньне якіх было (нібыта) парушана нелегітымнымі выбарамі Саюзу палякаў Беларусі”. Як бачым, нават вайсковая газэта была ўцягнута ў гэтую кампанію, хаця яна да Саюзу палякаў ніякага дачыненьня ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG