Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менск мусіць прыбыць амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Аяцкаў


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле папярэдняй дамоўленасьці сёньня ў Менск мусіць прыбыць пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітры Аяцкаў. Пра гэта ў інтэрвью Інтэрфаксу паведаміў міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Пры гэтым міністар дадаў, што, калі пляны спадара Аяцкава не памяняюцца, то ён прыедзе менавіта сёньня. Ці памяняліся пляны расейскага амбасадара?

Яшчэ напрыканцы чэрвеня Беларусь выдала агрэман на прызначэньне спадара Аяцкава паслом Расеі, аднак, канкрэтную дату ягонага прыезду пакуль не называе ніводзін з бакоў. Былы пасол Аляксандар Блахін ужо зьехаў з Беларусі яшчэ на мінулым тыдні, а вось, калі прыедзе новы пасол пакуль невядома. Ні ў расейскай амбасадзе, ні ў беларускім міністэрстве замежных справаў канкрэтнай інфармацыі не падалі. Міністар Мартынаў на днях назваў 13 ліпеня, але пры гэтым адзначыў, што гэта толькі папярэдняя, неафіцыйная інфармацыя. Бачна, што ў гэтым пытаньні ўзьнікла нейкая няпэўнасьць і затрымка. Намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі беларускага міністэрства замежных справаў Руслан Есін зьвінаваціў прэсу.

(Есін: ) “Некаторыя журналісты пераблыталі і перашкодзілі. Міністар гаварыў пра гэта, але ён не называў канкрэтных дат прыбыцьця расейскага дыплямата. Расейскі бок сам вызначае, калі прыбыць паслу ў нашу краіну ”.

На сёньня ў беларускім зьнешнепалітычным ведамстве прызначана сустрэча міністра замежных справаў Беларусі з намесьнікам міністра замежных спараваў Расеі Рыгорам Карасіным, плянуецца абмеркаваць шырокі спэктар пытаньняў беларуска-расейскага супрацоўніцтва. Ці магчыма, што ў гэтай сустрэчы возьме ўдзел спадар Аяцкаў?

Канкрэтнага адказу на гэта пытаньне спадар Есін не даў, маўляў, прыходзьце і пабачце, хто там будзе і наагул гэтае пытаньне трэба адрасаваць прадстаўнікам расейскага зьнешнепалітычнага ведамства. У расейскай амбасадзе ў Менску не маюць афіцыйнай інфармацыі, калі прыедзе пасол Аяцкаў на сваё месца працы. Дарэчы, на афіцыйным інтэрнэт-сайце расейскага МЗС пакуль значыцца паслом Расеі ў Беларусі спадар Блахін.

А што чакаюць палітыкі ад прызначэньня былога Саратаўскага губэрнатара Дзьмітрыя Аяцкава паслом Расеі ў Беларусі?

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Савета рэспублікі Мікалай Чаргінец лічыць, што пасада пасла на фоне дзяржавы ня мае высокага рангу і ён выконвае тое, што кажа кіраўніцтва краіны.

(Чаргінец: ) “Нам галоўнае, каб добрыя адносіны былі з Расеяй і яе кіраўніцтвам. Глядзець на пасла, добры ён ці дрэнны, проста неэтычна. Гэта справа Расеі, каго тут мець сваім прадстаўніком, а для нас важныя адносіны з самой краінай. Я чакаю ад Аяцкава таго, што скажа яму яго начальства, тое ён і будзе рабіць ”.

Паводле Мікалая Чаргінца, у цэлым застануцца “цесныя і нармальныя адносіны” паміж Беларусьсю і Расеяй, бо ў дадзены пэрыяд нельга займаць пазіцыі процістаяньня адзін аднаму. Спадар Чаргінец мяркуе, калі Аяцкаву скажуць, тады ён і прыедзе ў Беларусь і цяпер ён праходзіць пэўныя курсы па падрыхтоўцы да дыпляматычнай працы. Як Чаргінец ацэньвае новага расейскага амбасадара?

(Чаргінец: ) “Я ведаю яго як губэрнатара, добрага гаспадарніка, ён многа рабіў добрага, а калі яго крытыкуюць, дык гэта не мая справа, ва ўнутраныя справы Расеі я не хачу ўмешвацца ”.

А вось старшыня прэзыдыюма расейскага савета ў зьнешняй і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў лічыць Дзьмітрыя Аяцкава сваім сябрам, якога ён ведае гадоў дзесяць. Паводле спадара Караганава, пасол будзе рабіць тое, што яму загадае расейскае міністэрства замежных справаў. Такой жа думкі трымаецца і намесьнік старшныі АГП Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі:) “Ад таго, які будзе амбасадар, напэўна, нічога не памяняецца, таму што былі тут розныя людзі ў тым ліку і той амбасадар, які толькі што скончыў сваю працу. Блахін быў у мінулым сябрам СПС, але ніякай самастойнасьці і характару праявіць не мог і, напэўна, і не хацеў, і таму ён ні разу не сустрэўся з прадстаўнікамі апазыцыі. Таму, мне здаецца, што ніякі амбасадар не будзе рабіць нешта іншае, што зараз робіць расейскі МЗС. А Лаўроў, як кіраўнік МЗС мне здаецца відавочным банкрутам асабліва ў сувязі з бліжэйшымі краінамі да Расеі, але тым не менш чалавекам, які не вучыцца, таму, напэўна, нічога не памяняецца ”.

Вы казалі, што сустракаліся з Дзьмітрыем Аяцкавым, якія ўражаньні ад гэтага чалавека?

(Дабравольскі:) “Аяцкаў мае вельмі добры нюх, як дагадзіць уладзе і заўсёды быў у першых шэрагах тых, хто імкнуўся гэта зрабіць. Гэта чалавек, які па сваёй ідэалёгіі блізкі да цяперашняй расейскай улады і таму наўрад ці што памяняецца, хаця, каб ён захацеў, ён, безумоўна, зьмяніў бы штосьці. Калі памяняецца палітыка расейскага МЗС, тады зьменіцца і палітыка Аяцкава ”.
XS
SM
MD
LG