Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараюцца харчовыя запасы "на чорны дзень"


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі будуць павялічаныя запасы харчовай прадукцыі з айчынных палёў і фэрмаў. У адпаведнай пастанове Саўміну гаворыцца пра так званыя стабілізацыйныя фонды. Паводле мінулага году яны падвышаюцца, напрыклад, па нарыхтоўках сыру на 44 працэнты, а бульбы, гародніны й фруктаў – амаль у два разы. Чым выкліканы клопат ураду аб напаўненьні лядоўняў холадакамбінатаў і спэцыяльных сховішчаў?

Вонкава прыгожая ідэя клопату пра заўтрашні дзень у Беларусі выявілася ў стварэньні стабілізацыйных фондаў з замарожанага мяса ды капусты ў земляных буртах. У народзе такія рэзэрвы называюць запасамі “на чорны дзень”. Стабілізацыйны фонд прадуктаў працэнтаў не дае. Ён забірае грошы на захоўваньне, усушку і ўтруску. Між тым, у гутарцы з ачольніцай упраўленьня Міністэрства гандлю Любоўю Язэпчык высьветлілася, што беларускіх чыноўнікаў пакуль не прывабліваюць інвэстыцыйныя схемы паставак сьвежай гародніны зь іншых краінаў.

(Язэпчык: ) “Практыка ўтварэньня стабілізацыйных фондаў існуе ўжо 10 апошніх гадоў. Кожны год урад прымае адпаведны нарматыўны акт. Пасьля аблвыканкамы на месцах прымаюць рашэньні аб выкарыстаньні гэтых запасаў. Складаюцца графікі. Наагул, ідзе плянавая праца”.

Паводле Любові Язэпчык, асаблівасьць сёлетняй кампаніі нарыхтовак у павялічаных аб”ёмах. Да прыкладу, плянуецца захаваць на зіму 60 тысяч тон бульбы й столькі ж гародніны. У мінулым годзе гэтыя паказнікі былі ўдвая меншыя. У сваёй пастанове ўрад просіць банкі адкрыць новыя крэдытныя лініі. Працэс замарозкі сродкаў працягнецца зь ліпеня па лістапад.

У інтэрвію расейскаму тэлеканалу ТВЦ Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра матэрыяльны дабрабыт беларусаў, добры ураджай, роўныя цэны. А ў краіне тым часам ствараюцца харчовыя запасы на нейкі незразумелы “чорны дзень”. Што гавораць незалежныя экспэрты на гэты конт?" Прафэсар, доктар сельскагаспадарчых навук Іван Нікітчанка перадусім ставіць пад сумненьне стварыць якасныя запасы бульбы й гародніны.

(Мікітчанка: ) “Зараз у Беларусі 90 працэнтаў бульбы і 84 працэнты гародніны людзі вырошчваюць на прысядзібных участках для сябе. Што закладваць на захоўваньне? Паўгнілую бульбу з калгасаў і саўгасаў? Дык харчовая бясьпека ня ў тым, што бульба будзе гніць у сховішчы. А ў тым, каб людзі маглі вольна вырошчваць і прадаваць. А ў гэтым выпадку грошы будуць выкінутыя ў чарговы раз”.

Меркаваньне палітыка Аляксандра Ярашука таксама палягае ў эканамічнай сфэры. Ён лічыць, што рэсурсы амярцьвеюць і выйдуць зь абарачэньня. Зь іншага боку, кажа суразмоўца, прэзыдэнт Лукашэнка рыхтуецца да выбараў і хоча ўзмацніць рычагі адміністратыўнага маніпуляваньня. Урэшце, улада будзе імкнуцца, каб электарат “галасаваў” таксама страўнікамі”.

(Ярашук: ) “Камандна-адміністратыўны стыль кіраваньня якраз і функцыянуе ў адпаведнасьці з прынцыпам “заўтра павінна быць больш, чым сёньня”. Канечне ж, няма неабходнасьці.Трэба зыходзіць з таго, што стабілізацыйныя фонды сваё прызначэньне ў значнай ступені страцілі. Гэта перадусім спадчына савецкіх часоў. Калі браць пад увагу адкрыты характар рынкавай эканомікі, то весьці размовы пра нейкія прыпасы на “чорны дзень” і тым больш неабходнасьць іх павелічэньня, гэта зьяўляецца дзіўным фактам”.
XS
SM
MD
LG