Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: паміж Беларусьсю і Ўкраінай усё больш неразуменьня


Юры Дракахруст, Прага “Паміж Беларусьсю і Ўкраінай усё больш неразуменьня ў галіне палітычных адносінаў і дыпламатыі” – аб гэтым заявіў сёньня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Кампартыі Ўкраіны Пятром Сіманенкам.

Скаргі кіраўніка Беларусі на тое, што палітычна краіны-суседкі “рэзка разьмежаваліся”, гучалі насамрэч досыць стрымана – не было аніякіх папрокаў на адрас Кіева за празаходнюю палітыку, абвінавачаньняў у экспарце рэвалюцыі, тым больш абышлося і бяз заклікаў далучацца да беларуска-расейскага саюзу. Як кажуць, праехалі. Лукашэнка нават пашкадаваў, што ў эканоміцы справы ідуць някепска, а вось у палітычнай сфэры – не.

Аляксандар Лукашэнка знайшоў своеасаблівага суразмоўцу, каб выкласьці свае ацэнкі беларуска-украінскіх адносінаў – кіраўніка кампартыі Ўкраіны Пятра Сіманенку. Пры гэтым постаць кіеўскага госьця, паводле кіраўніка Беларусі, вырастала да ледзь не галоўнай у гэтых няпростых дачыненьнях.

“Беларусь больш церпіць, чым спрабуе рэагаваць на нэгатыўныя выпады з боку асобных сілаў Украіны. І стрымліваючым фактарам у гэтым зьяўляецца Камуністычная партыя гэтай краіны,” – заявіў Лукашэнка. Такім чынам, калі б не кіраваная Сіманэнкам партыя, афіцыйны Кіеў здрыгануўся б ад сакрушальнага адказу Менску.

Галоўны ўкраінскі камуніст атрымаў таксама падзяку за “калясальную падтрымку, якая аказваецца Беларусі ў гэты няпросты час усясьветнага ціску з боку пэўных сілаў на нашу краіну”. Як палітычная партыя суседняй Украіны, пры гэтым партыя ня самая ўплывовая і не праўладная, можа абараніць Беларусь ад так бы мовіць “прошукаў ўсясьветнага імпэрыялізму” – зразумець немагчыма нават з улікам традыцыйнай беларускай гасьцінасьці.

Па-свойму, Лукашэнка дзейнічае пасьлядоўна – ён і падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне падкрэсьліваў, што найбольш сымпатызуе менавіта Сіманенку, і цяпер сваіх сымпатыяў не мяняе. Цікава адзначыць, што і тады, і цяпер кіраўнік Беларусі не праяўляў асаблівай прыязнасьці да сілаў, якія тады былі тварам украінскай ўлады, а цяпер – апазіцыі. Справа, хутчэй за ўсё, у тым, што і Януковіч, і Кучма, пры ўсіх іх хібах, ніколі не былі апалягетамі вяртаньня СССР. Маючы шчыльныя наўпроставыя адносіны з палітычнай Масквой, з Крамлём, яны ня мелі вялікай патрэбы ў пасярэдніцкіх і ідэалягічных паслугах Аляксандра Лукашэнкі.

Варта адзначыць, што паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, адносна вялікую падтрымку цяпер ва Ўкраіне мае якраз партыя рэгіёнаў Януковіча – 13%, на другім месцы – партыя “Бацькаўшчына” Юліі Цімашэнкі – 10%, партыя сёньняшняга суразмоўцы Лукашэнкі, КПУ – з 7% займае ў гэтым рэйтынгу пачэснае 6-е месца.

Але, як трапна заўважыў кіраўнік Беларусі, зьвяртаючыся да Пятра Сіманенкі "на каго, як не на вас, нам абапірацца, каб не дапусьціць расколу паміж нашымі дзяржавамі". Наконт расколу – гэта рыторыка, а вось што ў беларускай улады няма іншых саюзьнікаў ва Ўкраіне, акрамя людзей пазаўчорашняга дня – гэта, відаць, дакладна.

Магчыма, таму і папрокі на адрас украінскай улады прагучалі з вуснаў кіраўніка Беларусі даволі стрымана – каго яны там будуць натхняць, акрамя Сіманенкі “со товарищи...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG