Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная апазыцыя ў Менску паспрабуе адклікаць з пасады старшыні гарсавету Ўладзімера Папкоўскага


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё 12 ліпеня паведаміў кіраўнік Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Падставай для такой ініцыятывы стала бязьдзеяньне менскіх дэпутатаў у справе перайменаваньня сталічных вуліцаў.

Старшыня менскага гарсавету Ўладзімер Папкоўскі ў адказе на імя Анатоля Лябедзькі, фактычна, прызнаў, што дэпутаты ня маюць вагі ў важных гарадзкіх справах. Адказ падпісаў сам спадар Папкоўскі. Менавіта да дэпутатаў зьвяртаўся лідэр апазыцыйнай партыі, калі заклікаў іх прыняць законнае рашэньне адносна лёсу праспэктаў Скарыны й Машэрава, а таксама падтрымаць ініцыятыву правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму.

Спадар Лябедзька лічыць, што дэпутаты прызналі сваё бясьсільле:

(Лябедзька: ) "Ёсьць два вельмі важкія аргумэнты: гэтае пытаньне ёсьць выключна пытаньнем мясцовых саветаў, у гэтым выпадку – менскага гарадзкога. Па-другое, яны прызнаюць, што перайменаваньне трэба праводзіць з улікам пазыцыі людзей, якія тут пражываюць. Так напісана ў лісьце Папкоўскага. А высновы, якія з гэтага вынікаюць, абсалютна алягічныя: яны нагадалі, што, згодна з дзейным заканадаўствам, Лукашэнка зьяўлецца гарантам правоў грамадзянаў. Але ж пры чым тут перайменаваньне?! Гэта не кампэтэнцыя Лукашэнкі. Па-трэцяе, яны нагадалі, што ўказ мае больш высокую юрыдычную сілу, чым закон. А чацьвертае – прызнаюць, што дэпутатам не прадастаўляецца права ўплываць на сытуацыю. Гэта ж поўны абсурд! Гэта ж не чыноўнік, гэта – абраньнік народу. І ў яго павінна быць палітычная пазыцыя".

Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі таксама нагадаў: сацыялягічныя апытаньні паказвацюць, што 80% менчукоў выступаюць супраць перайменаваньня праспэктаў. Аднак дэпутаты нават на гэта не адрэагавалі:

(Лябедзька: ) "Фактычна, на сёняшні дзень можна сказаць, што такі дэпутацкі корпус Менскага гарсавету не патрэбны выбарцам. Мы думаем над тым, што ёсьць сэнс, хаця б на адной выбарчай акрузе арганізаваць адкліканьне дэпутата. Было б добра, калі б гэта быў Папкоўскі, як кіраўнік дэпутацкага корпусу, які не выконвае Канстытуцыю, не выконвае законы і не арганізовае абарону інтарэсаў выбарцаў Менску".

Галоўныя вуліцы і праспэкты Менску былі перайменаваныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі 7 траўня. Палітычная апазыцыя рэгулярна праводзіць акцыі пратэсту. Таксама робяцца захады, каб вынесьці пытаньне пра перайменаваньне вуліцаў на гарадзкі рэфэрэндум.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG