Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо месяц трымае галадоўку ў турме іранскі журналіст Акбар Ганджы


Юры Дракахруст, Прага Ён патрабуе безумоўнага і неадкладнага вызваленьня. Ганджы быў зьняволены 5 гадоў таму за крытыку на адрас палітычнай сыстэмы Ірану, а таксама абвінавачаньняў на адрас ўладаў у іх датычнасьці да забойства апазыцыянэраў.

Акбар Ганджы мае намер працягваць галадоўку, ён мяркуе, што гэта – адзіны сродак атрымаць свабоду. Пра такі намер свайго мужа паведаміла жонка журналіста Масумэх Шафій, якой учора было дазволена наведаць вязьня. Гаворыць Масумех Шафій.

(Шафій: ) “Ён працягвае галадоўку, ён цяпер важыць 55 кіляграмаў, падчас галадоўкі Акбар страціў 20 каляграмаў, ён зусім бязь сілаў, твар жоўты, яму вельмі цяжка гаварыць. Але дух яго вельмі моцны”.

Акбар Ганджы п’е толькі падслажаную ваду. Ён заяўляе, што 5 гадоў, якія ён правёў у зьняволеньні, у тым ліку і некалькі месяцаў адзіночнага зьняволеньня, зрабілі ягоныя погляды яшчэ больш радыкальнымі. У сваёй кнізе “Маніфэст рэпубліканізму” Ганджы крытыкаваў уладу вышэйшых духоўных асобаў Ірану і заяўляў, што пры цяперашняй палітычнай сыстэме ў Іране ня будзе дэмакратыі. У траўні сёлета журналіст з прычыны хваробаў быў часова вызвалены. Але празь некалькі дзён пасьля вызваленьня ён даў інтэрвью “Радыё Фарда”, у якім заклікаў да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ён, у прыватнасьці, заявіў:

(Ганджа: ) “Тыя, хто прытрымліваецца Канстытуцыі Ірану, калі яны ідуць ва ўладу дзеля яе рэфармаваньня, магчыма робяць правільна. Але тыя, для каго галоўнае дэмакратыя і выкананьне правоў чалавека, не жадаюць рэфармаваць уладу, іх галоўная мэта – замяніць недэмакратычны рэжым на дэмакратычны. Я напісаў у сваіх кнігах, што пры цяперашнім рэжыме немагчымая ніякая рэформа, якая прывяла б да дэмакратычнай сыстэмы”.

Празь некалькі дзён пасьля гэтых заяваў Ганджы быў зноў кінуты за краты. Ён быў асуджаны ў 2001 годзе да 10 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы Ірану і ў распаўсюджваньні хлусьні пра кіраўнікоў краіны. Пазьней тэрмін пакараньня быў зьменшаны да 6 гадоў. Аднак паводле жонкі вязьня іранскія чыноўнікі гавораць, што калі Акбар Ганджа не адрачэцца ад сваіх поглядаў, ад напісанага ў “Маніфэсте рэспубліканізму”, ён застанецца ў турме і пасьля таго, як тэрмін зьняволеньня скончыцца. Таму журналіст лічыць, што галадоўка – адзіны сродак здабыць свабоду. У лісьце, які ён перадаў з турмы, ён піша, што не зрачэцца ад сваіх поглядаў.

З просьбамі вызваліць Акбара Ганджы да іранскіх уладаў зьвярнуліся Злучаныя Штаты, Эўразьвяз, шэраг праваабарончых арганізацыяў, нобэлеўская ляўрэатка зь Ірану Шырын Эбадзі. Сёньня група палітычных актывістаў, студэнтаў і родных палітзьняволеных праводзяць каля Тэгеранскага ўнівэрсытэту акцыю падтрымкі зьняволенага журналіста, які працягвае галадоўку. Яны кажуць, што калі з Ганджы што-небудзь здарыцца, адказнасьць за гэта будуць несьці іранскія ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG