Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыну кіраўніка менскай гарадзкой рады Партыі БНФ Уладзімеру Кішкурну Антону сёньня прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне


Альгерд Невяроўскі, Менск Сьледчыя міліцыі Цэнтральнага раёну Менску абвінавачваюць яго ў распаўсюдзе наркотыкаў і захаваньні боезапасаў. Знойдзеная ў доме Кішкурнаў падчас ператрусу друкарская машына вывезеная ў невядомым кірунку.

Сёньня затрыманы ўноч з 9 на 10 ліпеня 22-гадовы Антон Кішкурна першы раз быў афіцыйна дапытаны. Падчас гэтага допыту і прад’яўленьня сыну актывіста Партыі БНФ афіцыйнага абвінавачаньня прысутнічаў яго адвакат Аляксандар Галіеў. Вось што ён распавёў:

(Галіеў: ) “Быў допыт, было прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле 328 частка 2, а таксама па артыкуле 295, частка 2. Гэта незаконны абарот наркотыкаў і захаваньне боезапасаў. Антон прызнаў сябе вінаватым у захаваньні боезапасаў. Ён знайшоў іх недзе ў паляўнічым доміку і ня ведаў, што гэта злачынства. Што тычыцца незаконнага абароту наркотыкаў — тут ён сябе вінаватым не прызнае”.

Па гэтых артыкулах сыну актывіста Партыі БНФ пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Пры гэтым адвакат Антона Кішкурны пакуль устрымаўся ад ацэнкі дзеяньняў міліцыі ў адносінах да свайго падабароннага і да ўчыненага міліцыянтамі ператрусу ў доме сям’і Кішкурнаў, бо пакуль яшчэ не азнаёміўся з матэрыяламі справы. Аляксандар Галіеў гаворыць, што знойдзеная ў доме старшыні менскай гарадзкой рады Партыі БНФ друкарская машына ў крымінальнай справе ягонага сына не фігуруе. Жонка Ўладзімера Кішкурны Валянціна паведаміла Беларускай “Свабодзе”, што ўчора друкарскае абсталяваньне было вывезена зь іхнага дому невядомымі асобамі ў цывільным.

Уладзімера Кішкурну пакуль на допыты не выклікалі. Пасьля прад’яўленьня яго сыну абвінавачаньня спадар Кішкурна сказаў:

(Кішкурна: ) “Лухта, шытая белымі ніткамі! Я старшыня менскай гарадзкой арганізацыі, і трэба падставіць Партыю БНФ. Трэба дыскрэдытаваць і запалохаць нас. Яны па тэлебачаньні столькі лухты паказалі. І я, і мой сын наркотыкамі не займаліся”.

Старшыня менскай гарадзкой рады Партыі БНФ зьбіраецца параіцца з адвакатам і будзе патрабаваць ад тэлеканалў БТ і ОНТ абвяржэньня непраўдзівай інфармацыі пра яго сям’ю. Пасьля ператрусу ў доме Кішкурны, затрыманьня яго сына і арышту друкарскай машыны дзяржаўныя тэлеканалы паказалі на гэтую тэму сюжэты, зь якіх вынікала, што апазыцыя ня толькі друкуе нелегальныя ўлёткі, але таксама зьбірае зброю і гандлюе наркотыкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG