Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ліквідуюць Беларускую эвангельскую царкву пастара Эрнста Сабілы


Лыюбоў Лунёва, Менск Беларускай эвангельскай царкве пагражае ліквідацыя. 18 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе будзе разглядацца справа аб скасаваньні рэгістрацыі царквы. Раней аддзел у справах рэлігіі Менгарвыканкаму вынес некалькі папярэджаньняў пастару Эрнэсту Сабілу з нагоды таго, што юрыдычны адрас арганізацыі не адпавядае заканадаўству.

Пастар Эрнэст Сабіла лічыць, што пасьля прыняцьця новага закону аб веравызнаньні і рэлігійных арганізацыях пачаліся рэпрэсіі супраць вернікаў розных рэлігійных канфэсіяў. Ён параўноўвае гэта са сталінскім часам.

(Сабіла: ) “Папросту праглядаецца чэкісцкая, энкавэдысцкая, савецкая, камуністычная тэндэнцыя. Гэты закон паўтарае сталінскі закон. Гэтыя людзі, якія мяне арыштоўвалі, судзілі, зьдзекаваліся зь мяне, маюць злабу ў сваіх сэрцах. Сытуацыя ў краіне такая, што яны могуць рэалізаваць сваю злабу. Яны штучна абапіраюцца на праваслаўе”.

У 1951 годзе Эрнэста Сабілу, калі ён быў студэнтам мэдычнага факультэту, за рэлігійныя перакананьні ўлады абвінавацілі ў антысавецкай прапагандзе і пастанавілі расстраляць, але зьмянілі меру пакараньня на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Трынаццаць гадоў вернік правёў у лягерах, спачатку ў Падмаскоўі, потым на ўранавых шахтах ва Ўсьць-Каменагорску, а пасьля ўцёкаў — у закрытай турме.

Пасьля адбыцьця пакараньня Эрнэст Сабіла быў памочнікам пастара “Баптысцкага брацтва” і быў сьведкам перасьледу вернікаў. Беларускую эвангельскую царкву Эрнэст Сабіла зарэгістраваў у Менгарвыканкаме ў 1993 годзе. У рэгістрацыі ўказаны яго хатні адрас. Ад 2002 году гэта забаронена заканадаўствам. Пастар патлумачыў Радыё Свабода, што ў яго няма сродкаў, каб арандаваць офіс у нежылым памяшканьні. Рэлігійныя арганізацыі, да якіх ён зьвяртаўся па дазвол указаць іх адрасы, адмовілі ў гэтым. Эрнэст Сабіла лічыць, што ўлады ствараюць неспрыяльныя ўмовы для ўсіх канфэсіяў на карысьць праваслаўнай царквы.

(Сабіла: ) “Беларускае праваслаўе ў падпарадкаваньні расейскаму праваслаўю. Гэта даўняя палітыка расейскага імпэрыялізму. Яшчэ Мураўёў-вешальнік казаў: “Што ня зробіць расейскі штык, тое зробіць расейскі настаўнік, а тым больш расейскі бацюшка”. Расейскім праваслаўем нацкаваныя беларускія сяляне вылоўлівалі інсургентаў Кастуся Каліноўскага на карысьць Мураўёву-вешальніку. Сёньня гэта агульная маскоўская палітыка і палітыка беларускіх здраднікаў”.

Кіраўніца аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Ала Рабіцава паведаміла Радыё Свабода, што справа будзе разглядацца ў судзе і пэрспэктыва разгляду — не на карысьць вернікаў.

(Рабіцава: ) “Я яго прасіла: “Ну, Эрнэст Канстанцінавіч, ну здыміцеся вы з рэгістрацыі добраахвотна самі. Ёсьць жа такая форма. Ня будзе тады ні суду, нічога”. Паводле закону — альбо самароспуск, альбо суд. Усё! Нам закон нічога іншага не пакідае”.

Эрнэст Сабіла паведаміў Радыё Свабода, што, нягледзячы на судовае рашэньне, вернікі і надалей будуць зьбірацца і ладзіць набажэнствы. Пастар запэўнівае, што перасьлед і нават пазбаўленьне волі яго не палохаюць.
XS
SM
MD
LG