Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Чыгрын: “У Слонімскай друкарні адноўленая цэнзура”


Міхась Скобла, Менск (эфір 10 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка, рэдактар “Менскай (Беларускай) газэты Ўладыслаў Казлоўскі, намесьнік Старшыні Беларускай Цэнтральнай Рады Мікола Шкялёнак — усё гэта героі кнігі Сяргея Чыгрына “Пакліканыя на родны парог”. Краязнаўца са Слоніму сьвядома сабраў пад адну вокладку артыкулы пра тых, каго за савецкім часам дый цяпер называлі і працягваюць называць “фашысцкімі памагатымі”, “калябарантамі” й г.д. З рукапісам кнігі аўтар пайшоў у сваю мясцовую Слонімскую друкарню.

(Міхась Скобла: ) “Сяргей, я ведаю, што ў Слоніме ты бесьперашкодна выдаў некалькі кніг. Што здарылася гэтым разам?”

(Сяргей Чыгрын: ) “Кніжка павінна была ўжо выйсьці, дамова была падпісаная. І калі я прыйшоў, каб узяць сыгнальныя асобнікі, мне работніца друкарні сказала, што кніжка не надрукавана, і параіла зьвярнуцца да намесьніцы дырэктара па вытворчасьці Ірыны Коўш. Калі я прыйшоў да яе ў кабінэт, спадарыня Коўш неяк баязьліва, з хваляваньнем пачала гартаць старонкі будучай кнігі і задаваць па зьмесьце кнігі пытаньні”.

(Скобла: ) “Пачакай, нешта я не зусім цямлю… Друкарня — гэта дзе стаіць “варштат Скарыны”, дзе кніга друкуецца. Ці ёсьць у друкарні кампэтэнтныя спэцыялісты, каб выносіць прысуды кнігам?”

(Чыгрын: ) “Кампэтэнтных спэцыялістаў там няма. А ёсьць, як я яго называю, умоўны цэнзар — вытворчы сэксот. Калі ён убачыць ці прачытае нешта падазронае ці незразумелае, адразу дакладвае начальству. Такім вытворчым сэксотам у Слонімскай друкарні, на думку саміх работнікаў друкарні, зьяўляецца карэктарка Маркач, якая даносіць начальству, інфармуе пра ўсё спадарыню Коўш. А тая — дырэктара. Вось такі існуе ланцужок”.

(Скобла: ) “А якія канкрэтна заўвагі былі да тваёй кнігі?”

(Чыгрын: ) “Даволі сьмешныя. Напрыклад, спадарыня Коўш запыталася, чаму я пішу: “Кастрычніцкі пераварот у Расеі ў 1917 годзе”? Трэба, маўляў, пісаць: “Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя”. Далей намесьніца дырэктара запыталася: чаму я пішу пра БНФ? Адказваю, што я пішу пра БНР і пра Беларускі Нацыянальны Фронт, пра Беларускі Вызвольны Фронт. Такія арганізацыі існавалі ў Беларусі ў 1930—1940 гады. “А якая розьніца!” — абурылася Коўш. Ад намесьніцы я пайшоў да дырэктара друкарні Анатоля Лагуціка і папрасіў яго даць мне пісьмовы адказ: чаму не надрукавана мая кніга? Паказаў яму дамову, дзе напісана: “У выпадку скасаваньня дамовы бок павінен папярэдзіць другі бок пісьмова за 5 каляндарных дзён”. Але ніякага адказу дырэктар друкарні мне ня даў. А сказаў: “Дай мне спакойна дапрацаваць да пэнсіі”.

(Скобла: ) “Гадоў дзесяць таму ў Слонімскай друкарні пабачыла сьвет кніга Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, упершыню выдадзеная ў акупаванай немцамі Празе. Наколькі памятаю, умова друкарні тады была адна — своечасовая аплата. Што прымушае сёньня небагатыя рэгіянальныя друкарні адмаўляцца ад выгадных заказаў?”

(Чыгрын: ) “Страх. Страх перад начальствам, страх, што чалавек застанецца бяз працы. Калі мы выдавалі ў Слоніме Ларысу Геніюш, дырэктарам друкарні быў расеец Уладыслаў Філіпаў. На пасадзе дырэктара ён працаваў пры Сталіну, пры Хрушчову, пры Брэжневу, пры Шушкевічу і пры Лукашэнку. Ён нікога не баяўся. Для яго галоўным было — не згубіць заказчыка. Дарэчы, да яго вытворчыя сэксоты не хадзілі, бо ён іх прагнаў бы. А сёньняшняму дырэктару абы ціха было. Ён параіў мне схадзіць да намесьніка старшыні Слонімскага райвыканкаму Анатоля Цярэніна, і калі Цярэнін дасьць дазвол — кнігу друкарня надрукуе. У райвыканкам я, вядома ж, не пайшоў”.

(Скобла: ) “Чаму ж адміністрацыя Слонімскай друкарні вырашыла прысвоіць сабе цэнзарскія функцыі? Пра гэта я запытаўся ў дырэктара Анатоля Лагуціка. І вось што пачуў”.

(Анатоль Лагуцік: ) “Проста мы ня ўкладваліся ў тыя тэрміны, якія хацеў Чыгрын. Толькі з гэтай прычыны ў нас так атрымалася. Гэта вы зь якога радыё? Зь дзяржаўнага? З Радыё Свабода? (Паўза.) Ну, я вам сказаў так, як яно ёсьць”.

(Скобла: ) “Вось такі адказ. Што маеш сказаць, Сяргей?”

(Чыгрын: ) “Я проста зьдзіўлены, як дырэктар так лоўка выкруціўся. Я з друкарняй не дамаўляўся ні пра які тэрмін! І ў дамове пра гэта нічога не гаворыцца”.

(Скобла: ) “Слонімская друкарня, западозрыўшы ў Чыгрыновай кнізе крамолу, нават замовіла закрытую рэцэнзію Юрку Голубу — старшыню Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў”.

(Юрка Голуб: ) “Сяргей Чыгрын у сваіх дасьледаваньнях ідзе інфармацыйным шляхам. Ён піша пра малавядомае, забытае, сілком завешанае ад грамадзкага позірку. А чытачу самому прадастаўлена права рабіць высновы. Выхад яго кнігі стаў бы своеасаблівым вяртаньнем наперад. І варта было яе выдаць. Гэтак я і напісаў у Слонімскую друкарню”.

(Скобла: ) “На жаль, не дапамагло. Ці вядомыя вам, Сяргей, другія выпадкі цэнзуры ў Слонімскай друкарні?”

(Чыгрын: ) “Нядаўна там выйшла кніга Алега Лойкі “Дрэва жыцьця”. Зь яе ў друкарні выкінулі маё інтэрвію з аўтарам “Сем трыядаў Алега Лойкі”. Аказваецца, і ў ім Коўш і Маркач знайшлі нешта крамольнае”.

(Скобла: ) “І доктар навук, прафэсар, аўтар каля сотні кніг згаджаецца, калі карэктарка Маркач цэнзуруе яго кнігі?”

(Чыгрын: ) “А куды дзявацца? Ня здымеш артыкул — ня выйдзе кніга. Даводзіцца згаджацца. Дарэчы, у свой час са Слонімскай друкарні былі выкінутыя незалежныя выданьні — “Газэта Слонімская” і ваўкавыская “Местная газета”.

(Скобла: ) “З намі на сувязі з Ваўкавыску рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч”.

(Андрэй Шантаровіч: ) “У Слонімскай друкарні працуюць добрыя спэцыялісты, якія з павагай ставяцца да журналістаў і да іх нялёгкай працы. Але там ёсьць адзін чалавек, дырэктар Лагуцік, які заўсёды ўсё сапсуе. Зь ім вельмі цяжка працаваць. Ён баязьлівец. Ён усіх баіцца — самаго сябе, тых, хто стаіць над ім, тых, хто стаіць пад ім, усіх баіцца. І кожнае слова, напісанае ў нашай газэце ці ў Сяргеевай кніжцы, страшнае для яго. Ён толькі на вэртыкаль глядзіць і баіцца зрабіць нешта, што б яе патрывожыла. Ад Слоніму да Ваўкавыску 60 кілямэтраў, а нам даводзіцца газэту вазіць у Баранавіцкую друкарню — за 110 кілямэтраў”.

(Скобла: ) “З Ваўкавыску вернемся ў менскую студыю. Сяргей, аднаму з герояў тваёй кнігі, выдаўцу, рэлігійнаму дзеячу, перакладчыку, мэмуарысту Яну Пятроўскаму сёлета споўнілася б 100 гадоў. Ты зь ім, здаецца, ліставаўся?”

(Чыгрын: ) “Так, і шмат гадоў. Ян Пятроўскі нават запрашаў мяне ў госьці ў горад Гэйнсьвіл (штат Фларыда). Тады амэрыканская амбасада была яшчэ ў Маскве. І калі я паехаў у белакаменную па візу, супрацоўніца амэрыканскага пасольства сказала, што я — патэнцыйны эмігрант, і візы не адкрыла. Не дапамагло нават тое, што Пятроўскі купіў мне квіткі ў абодва бакі. Пятроўскі хацеў у Слоніме купіць дом і перадаць гораду сваю бібліятэку і архіў, ён нават быў згодны ўтрымліваць невялічкі штат супрацоўнікаў. З адной умовай — каб гэтай бібліятэкай бясплатна карысталіся суайчыньнікі. Я ўжо й будынак знайшоў. Але задума так і засталася нерэалізаванай. Розныя былі прычыны, але галоўнае — колішні пасол Беларусі ў ЗША Мартынаў (цяперашні міністар замежных справаў) пачаў часта наведваць Пятроўскага і кантраляваць нашу перапіску. Ён і архівам Пятроўскага, відаць, карыстаўся”.

(Скобла: ) “А якім чынам ён мог кантраляваць перапіску грамадзяніна ЗША?”

(Чыгрын: ) “Рэч у тым, што Пятроўскі даў абвестку ў газэту, што шукае хатнюю гаспадыню, якая б магла яго даглядаць. Дык вось такую гаспадыню, па неафіцыйных зьвестках, яму падшукаў акурат Мартынаў. І як толькі яна пачала гаспадарыць у доме Пятроўскага, я перастаў атрымліваць ад яго лісты, пакеты і бандэролі. Увогуле, наша кантактаваньне спынілася”.

(Скобла: ) “Яшчэ адзін з герояў тваёй кнігі — Язэп Стаброўскі. Для слонімцаў ён ужо амаль легенда, але малавядомы ў маштабах краіны”.

(Чыгрын: ) “Нездарма чытачы “Газэты Слонімскай” назвалі яго чалавекам ХХ стагодзьдзя. Чаго толькі ні было ў музэі Стаброўскага, які быў адчынены ў Слоніме ў 1929 годзе! Дарэчы, ён працаваў і падчас нямецкай акупацыі. Былі ў экспазыцыі экспанаты ўнікальныя. Напрыклад, Сьвяшчэнны сыкль — срэбная манэта 138 году, бронзавы знак з выявай Хрыста, які служыў для першых хрысьціянаў пропускам у катакомбы. Аўтографы каралёў з Пагоняй на пячатках, зь якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам… Папскія булы і арыгінал Статуту Вялікага Княства Літоўскага... З ваенных экспанатаў экспанаваліся панцыры, кальчугі XVI—XVII стагодзьдзяў, гізарма (баявая сякера) XIII—VIV стагодзьдзя, крамянёвая стрэльба, турэцкія барабаны-літаўры 1683 году. Зьберагаліся ў музэі і шахматы са слановай касьці Льва Сапегі”.

(Скобла: ) “І хто цяпер гуляе ў тыя шахматы?”

(Чыгрын: ) “Расейцы альбо палякі. Я мару арганізаваць экспэдыцыю і знайсьці тыя шахматы. “Свае” экспанаты мне давялося бачыць у Польшчы, Швэцыі, Літве, Расеі. У адным з музэяў Уроцлава аднойчы пабачыў шыкоўную слонімскую паштовую карэту, у Слупску — слонімскія гадзіньнікі, а ў швэдзкім горадзе Арэбра — парцаляну і фаянс са Слоніму.

Аднойчы ў 1943 годзе ў Слонімскі музэй зайшоў нямецкі афіцэр. Ён паказаў на карціну Верашчагіна на сьцяне і сказаў: “Рус это не разумель. Верашчагін месца ў Дрэздэн”. Дык Стаброўскі паказаў яму дулю. Фашыст яго моцна зьбіў, але ў канцлягер старога не забралі, уратавала тое, што ён быў палкоўнікам царскай арміі. Немцы ведалі цану слонімскім экспанатам. Цягам чатырох гадоў акупацыі са Слоніму зьніклі: трыццаць карцінаў у пазалочаных рамах галяндзкіх, расейскіх і польскіх мастакоў XVI cтагодзьдзя, 514 старадрукаў на розных мовах, сымфаньён — музычная скрынка з жалезнымі пласьцінкамі IX стагодзьдзя, рукапісныя сшыткі па археалёгіі Язэпа Стаброўскага за 52 гады (а пражыў ён 98 гадоў!). Немцы вывезьлі венскі мікраскоп Райхерта, 14 княскіх і графскіх пячатак XVII стагодзьдзя, амулет эгіпецкі, 180 карцін выдатнага слонімскага мастака Антона Карніцкага… Трапілі ў скрыні рабаўнікоў і незвычайныя экспанаты, прыкладам, рознакаляровы пояс з конскіх валасоў, вытканы вязьнем польскай турмы слонімцам М.Галаўко.

Пошукамі беларускіх каштоўнасьцяў павінна займацца беларуская дзяржава, трэба ствараць спэцыяльныя ўрадавыя і парлямэнцкія камісіі. Але цяпер ніхто сур’ёзна гэтым не займаецца”.

(Скобла: ) “У Менску не аціхаюць пратэсты супраць перайменаваньня праспэктаў. Мне здаецца, Лукашэнка, рыхтуючы свой указ, узяў прыклад са Слоніму, паколькі ў вас праспэкт Незалежнасьці даўно ёсьць”.

(Чыгрын: ) “Праспэкт Незалежнасьці ў Слоніме быў ужо тады, калі Лукашэнка яшчэ кіраваў саўгасам на Шклоўшчыне. Гадоў дзесяць назад слонімцы вярнулі старыя назвы — вуліца Энгельса стала называцца Опэрнаю, вуліца Патрыса Люмумбы — Ружанскаю, а плошча Горкага займела імя Льва Сапегі.

Чуў я, што менчукі рэфэрэндум зьбіраюцца праводзіць — аб вяртаньні ранейшых назваў. На маю думку, аніякіх рэфэрэндумаў ня трэба. Навошта? Людзі, якія наносяць шкоду свайму народу, зьнішчаючы сваё сьвятое, роднае, нацыянальнае, ня маюць права хадзіць па праспэкце Скарыны. Больш за тое, я прапаноўваю перайменаваць плошчу Свабоды ў плошчу імя Міхаіла Мураўёва, а плошчу Якуба Коласа — у плошчу Цанавы. Уяўляеце: едзе прэзыдэнт з Драздоў па праспэкце Пераможцаў, пасьля на плошчу Мураўёва, з Мураўёва — па праспэкце Незалежнасьці наўпрост на плошчу Цанавы. Выдатны ваяж атрымаецца. Таму ня трэба рэфэрэндумаў. Прыйдзе час, усё вернецца на свае месцы. А сёньня Аляксандар Лукашэнка не заслугоўвае, каб езьдзіць ці хадзіць па праспэкце Скарыны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG