Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады марудзяць з расьсьледаваньнем нападу амонаўца на Сьвятлану Завадзкую


Алег Грузьдзіловіч, Менск Грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія ацаніла дзеяньні беларускіх амонаўцаў адносна Сьвятланы Завадзкай як яшчэ адну праяву наступу ўладаў на грамадзянскія правы і свабоды. Між тым, абяцаная ўладамі праверка дзеяньняў амонаўца, які ўдарыў кулаком у твар Сьвятлану Завадзкую, яшчэ не пачыналася.

12 ліпеня грамадзкая расейска-беларуская камісія Савета правоў чалавека пры прэзыдэнту Расеі зрабіла адмысловую заяву адносна падзеяў 7 ліпеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Тады была разагнаная акцыя напаміну пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага і зьбітая ягоная жонка, Сьвятлана Завадзкая. Амонавец ударыў яе ў твар кулаком. Гэтыя кадры неаднаразова бачылі гледачы расейскіх каналаў ОРТ, НТВ і РТР.

“Даводзіцца канстатаваць, што падзеі 7 ліпеня сталі яшчэ адным сьведчаньнем наступу ўладаў у Беларусі на грамадзянскія правы і свабоды. Падобныя факты ня могуць не хваляваць расейскую грамадзкасьць”, — гаворыцца ў заяве.

А ці хвалюе гэты факт беларусаў? Сёньня я правеў невялікае апытаньне. Я прасіў выказацца наконт інцыдэнту са Сьвятланай Завадзкай на праспэкце Скарыны. Палова апытаных мною мінакоў ня бачылі сюжэту пра Завадзкую альбо ня мелі часу на размову, астатнія ахвотна дзяліліся сваімі меркаваньнямі. Большасьць асуджалі амонаўцаў.

(Дзяўчына: ) “Яны няправільна зрабілі. Гэта вельмі жорстка. Увогуле, ня трэба дзейнічаць такімі захадамі”.

(Жанчына: ) “Я ўвогуле не вітаю, калі б’юцца. Усё трэба рабіць мірна, палюбоўна. Мы нацыя вельмі любоўная, добрая. Мяркую, гэта зрабілі не інтэлігентныя людзі, а хуліганы”.

(Маладая жанчына: ) “Мяркую, Сьвятлана мае рацыю. Не яна першая ўдарыла, а яе ўдарылі. Я гэта бачыла ў сюжэце. Што да дзеяньняў міліцыі, гэта жахліва, незразумела. Бывае, што міліцыянты паводзяць сябе няправільна. Перакананая, яна ня будзе апошняй, калі таго амонаўца не пакараюць, будуць яшчэ такія ахвяры”.

(Маладая жанчына: ) “Мяркую, яна сама сваімі паводзінамі справакавала такую рэакцыю ўладаў. Трэба карэктна паводзіць сябе з супрацоўнікамі ўнутраных справаў. Нягледзячы на камэнтары, якія даюць мэдыі, і паказаць можна што заўгодна, змантажаваць любыя кадры, таму трэба больш прыстойна сябе паводзіць”.

(Мужчына: ) “Ствараецца ўражаньне, што такія акцыі ёсьць канонам паводзінаў уладаў. Бо ніякага абурэньня ўладаў няма, ва ўсялякім разе, ад Міністэрства ўнутраных справаў. Як я ведаю, яно робіць усё для абароны таго амонаўца”.

Вядома, што Сьвятлана Завадзкая яшчэ 8 ліпеня зьвярнулася ў пракуратуру Менску са скаргай на дзеяньні міліцыі. Ці заняліся яе заявай?

У прэсавай службе сталічнай пракуратуры мне паведамілі, што адаслалі скаргу Завадзкай у пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску для праверкі. Аднак там ліста Завадзкай яшчэ не атрымалі.

“Пакуль няма. Магчыма, да канца дня прывязуць. Ня ведаем, як у іх там працуе кур’ерская служба”, — адказалі мне ў прыёмным пакоі пракуратуры Цэнральнага раёну Менску. Гэтая пракуратура мусіць разглядаць скаргу Завадзкай таму, што інцыдэнт зь ёй адбыўся на Кастрычніцкай плошчы, якая знаходзіцца ў Цэнтральным раёне Менску.

Сталічная міліцыя настойвае на тым, што Сьвятлана Завадзкая сама сваімі паводзінамі справакавала амонаўца, які ўдарыў яе, “адмахваючыся”. Паводле заявы менскай міліцыі, жанчына разьбіла амонаўцу губу. Аднак прозьвішча “пацярпелага” амонаўца ў міліцыі не называюць і кантактаваць зь ім магчымасьці не даюць


Відэафрагмэнт здарэньня, паказаны каналам ОРТ 8 ліпеня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG