Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 12 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Крыніца”, 1925 год. Пра падзеі, зьвязаныя з арыштам пробашча Гадлеўскага:

“Парахвіяне Жодзішныя… адразу пачалі зьбіраць подпісы на просьбы да Біскупа, Дэлегата ўраду і да Беларускага Пасольскага Клубу. Нешта за суткі сабралі да 300 подпісаў па некулькі з кожнай вёскі, як прадстаўнікоў парахвіі. Гэта безумоўна сьведчыць аб любві іх да свайго пробашча і аб грамадзкай і народнай сьведамасьці”.

“Вечерний Минск”, 1975 год:

“Найбольш цёплы месяц у Менску ліпень, а найбольш халодны — студзень… Пахмурнае надвор’е для нас ня рэдкасьць — 170 дзён на год. Больш за ўсё іх у лістападзе і сьнежні… Найбольшая колькасьць ападкаў бывае ўсё ж летам. А ўсяго за год у Менску іх выпадае ў сярэднім 646 мілімэтраў, што складае па ўсёй тэрыторыі гораду каля 100 мільёнаў тон вады… Мінімум ападкаў назіраецца ў сакавіку — усяго 37 мілімэтраў. Цікава таксама адзначыць, што ў нашым горадзе 67 дзён з туманамі. Гэта на 36 дзён больш у параўнаньні з Масквой, на 38 — зь Ленінградам і на 23 дні больш, чым у Рызе”.

“Знамя юности”, 1985 год. В.Хазава з Ганцавічаў піша:

“Дзякуй нашаму ЦК КПСС за слушнае рашэньне аб узмацненьні барацьбы з п’янствам. П’яніцаў трэба караць. Бо не сакрэт, што на вачах у нас у кватэрах бываюць жахлівыя сваркі, лаянка, дзеці ў сьлязах, жонкі. Тым, хто п’е, — радасьць, а тым, хто ня п’е, — сьлёзы. Сама я 16 гадоў працую на будоўлі. Кажуць, звычайна на будоўлях п’юць. Не, гэта няпраўда. Добрыя і дрэнныя людзі ёсьць паўсюль. Колькі са мной людзей працавала тых, хто ненавідзіць п’янства. Я сама ня п’ю таксама. А вось муж п’е. Але я ў сябе веру і буду рабіць усё, каб муж і ягоныя прыяцелі зразумелі, што гарэлка — гэта гора”.
XS
SM
MD
LG