Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выжывуць у Беларусі прыватныя мэдычныя цэнтры?


Галіна Абакунчык, Менск Прыватны мэдычны цэнтар “Нардзін” накіраваў у Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пазоў да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі просіць адмяніць рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі, фармальнай падставай для якога сталася адсутнасьць належнай кваліфікацыі некаторых спэцыялістаў. Паводле аналягічных прычынаў Міністэрства аховы судзіцца яшчэ з адной камэрцыйнай кампаніяй — “Экамэдсэрвіс”. Кіраўнікі прадпрымальніцкіх структураў называюць гэта наступам уладаў на недзяржаўны сэктар мэдыцыны з мэтай перадзелу ўласнасьці.

Да моманту вырашэньня спрэчкі Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў дзейнасьць рашэньня пра ануляваньне ліцэнзіі. Захады Міністэрства аховы здароўя ў “Нардзіне” лічаць неадэкватнымі і спадзяюцца, што суд стане на іхны бок, кажа прадстаўніца цэнтру Вольга Каранеўская.

(Каранеўская: ) “Падставай паслужыла адсутнасьць у лекара-псыхатэрапэўта кваліфікацыйнай катэгорыі. Варта адзначыць, што гэта дацэнт катэдры псыхатэрапіі Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Нам цяжка камэнтаваць, чаму міністэрства выкарыстала такую жорсткую і неадэкватную меру пакараньня. Мы вельмі спадзяемся, што здаровы сэнс пераможа, што людзі, якія карыстаюцца нашымі паслугамі, ня страцяць такой магчымасьці і надалей і, што суд возьме наш бок”.

Нагадаю, што Вышэйшы гаспадарчы суд разглядае аналягічны пазоў ад кампаніі “Экамэдсэрвіс” супраць Міністэрства аховы здароўя. А ў міністэрстве па-ранейшаму лічаць, што пазбавілі гэтыя кампаніі ліцэнзіяў справядліва. Гаворыць кіраўніца ўправы ліцэнзаваньня Сьвятлана Ганчарык:

(Ганчарык: ) “Міністэрства вынесла абгрунтаваныя і законныя рашэньні. Тое, што гэта было зроблена абгрунтавана і законна, у нас ніякіх сумневаў няма”.

Адмыслоўцы ў справе бізнэсу заяўляюць, што падзеі вакол прыватных мэдычных кампаніяў насамрэч сьведчаць пра жаданьне ўладаў пазбавіцца канкурэнтаў у сфэры мэдычных паслугаў, а таксама пераразьмеркаваць уласнасьць. Гаворыць лідэр прадпрымальніцкага руху “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Банальная сытуацыя — перадзел маёмасьці. Дзяржава, з гледзішча фінансавых пытаньняў, хоча набыць апэтытныя кавалкі гэтага сэктару эканомікі, і выкарыстоўваюцца любыя мэтады. Увогуле, тут няма нічога дзіўнага для нашай дзяржавы. Гэта заканамернасьць, і яна будзе закранаць усе слаі грамадзтва. Гэтая сыстэма рана ці позна дойдзе да кожнага. А ў судзе яны абсалютна нічога яны не даб’юцца, таму што адсутнічаюць элемэнтарныя дэмакратычныя каштоўнасьці”.

Як паведамілі ў кампаніі “Нардзін”, папярэднія судовыя слуханьні ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прызначаныя на 19 ліпеня.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступаў неаднойчы выказвалася ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае. Гэтаму папярэднічала комплексная праверка Камітэтам дзяржкантролю трох буйных прыватных мэдычных цэнтраў — “Экамэдсэрвісу”, “Нардзіну” і “Сучаснай мікрахірургіі вока”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG