Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прамысловым цэнтры Барань пад Воршай прайшоў экалягічны пікет


Браніслава Станкевіч, Ворша Пікет зладзілі прадстаўнікі гарадзкое грамадзкасьці і кіраўніцтва Вольнага прафсаюзу прадпрыемства “Лёс”, на тэрыторыі якога з парушэньнем адпаведных тэхналёгіяў захавалі небясьпечныя для здароўя людзей адкіды.

Паводле словаў старшыні Вольнага прафсаюзу Бараньскага прадпрыемства “Лёс” Васіля Леўчанкава, неабходнасьць правядзеньня пікету была выклікана тым, што на заводзкай тэрыторыі ў красавіку гэтага году былі захаваныя адкіды хімічна-гальванічнае вытворчасьці. Гэтыя адкіды ўтрымліваюць солі цяжкіх мэталаў, злучэньні медзі, хрому, цынку, нікелю і г.д., якія асабліва небясьпечныя для жыцьця і здароўя жыхароў гораду, бо захаваныя з парушэньнямі: адкіды ў колькасьці больш за 20 тон знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці ад ракі Адроўка, і з часам могуць патрапіць у артэзіянскія воды.

Спадар Леўчанкаў пэўны, што пра гэтую небясьпеку мусяць ведаць усе жыхары Барані, аднак правесьці экалягічны пікет у цэнтры гораду гарвыканкам не дазволіў. Улады прапанавалі праводзіць акцыю ва ўскраінным сасновым парку. Людзей туды зазвычай заходзіць мала, аднак сёньня на месца пікету зьявіліся два прадстаўнікі адміністрацыі “Лёсу”, чацьвёра міліцыянтаў і старшыня гарадзкога савету, а таксама гарвыканкаму Васіль Русакоў.

Іншых людзей, апрача арганізатараў, на акцыю не сабралася, і пікет ператварыўся, па сутнасьці, у абмен меркаваньнямі, якія выказалі абодва бакі. Прадстаўнікі грамадзкасьці патрабавалі перазахаваць адкіды па-за тэрыторыяй прадпрыемства з усімі мерамі перасьцярогі, бо месца і ўмовы захаваньня адкідаў зь мясцовымі органамі прыродных рэсурсаў не ўзгадняліся. А прадстаўнікі ўладаў сьцьвярджалі, што і цяпер ніякае небясьпекі здароўю жыхароў Барані няма, бо шкодныя рэчывы надзейна захаваныя ў бэтонную ёмістасьць.

Недзе праз гадзіну бакі завяршылі палеміку, але актывісты Вольнага прафсаюзу вырашылі не абмяжоўвацца намінальным правядзеньнем пікету. Васіль Леўчанкаў ды іншыя актывісты рушылі па вуліцах гораду, каб раздаць мінакам улёткі пра сытуацыю на прадпрыемстве, бо, на ягоную думку, кіраўніцтва прадпрыемства хоча гэтую праблему замоўчаць і не спавяшчаць тутэйшых жыхароў пра экалягічную пагрозу.

Прысутны на пікеце старшыня Рады моладзевых арганізацыяў Аршаншчыны Ігар Казьмярчак прапанаваў прафсаюзным актывістам дапамогу дзеля правядзеньня цэлага шэрагу падобных акцыяў, каб дапамагчы прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы, з мэтай хутчэй яе вырашыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG