Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрвію расейскаму каналу ТВЦ Лукашэнка выказаўся за яднаньне Беларусі і Расеі і сказаў, што ня ведае дакладна памеру свайго заробку <b/>


Іна Студзінская, Менск 11 ліпеня ў так званы “прайм-тайм” (з паловы на дзевятую да дзесятай вечара) расейскі тэлеканал “ТВЦ” паказаў інтэрвію кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое ён даў вядомаму расейскаму журналісту Алегу Папцову. Нагадаем, гэта той самы Папцоў, які на зары перабудовы вёў разам з Любімавым, Лісьцевым, Паліткоўскім тэлепраграму “Взгляд”, на пачатку 90-х ачоліў новаствораную Усерасейскую дзяржаўную тэлерадыёкампанію – альтэрнатыву Цэнтральнаму тэлебачаньню... На большай часткі тэрыторыі Беларусі ТВЦ не прымаецца, выключэньне складаюць некаторыя раёны Менску, у адным зь якіх жыве наша карэспандэнтка Іна Студзінская.

(Студзінская: ) “Праграма аўтарам названа даволі красамоўна: “Я быў у іншай краіне...” Гэтым сказана ўсё: расейскі журналіст – у замілаваньні ад усяго, што адбываецца ў Беларусі. І акрамя клясычнага жанру інтэрвію - пытаньняў і адказаў – было шмат аўтарскіх адступленьняў на прыгожых відэакадрах беларускай сталіцы, параду, вэтэранаў, прэзыдэнта на лыжаролерах, Лукашэнкі, што гуляе ў хакей, будаўніцтва, урадлівых палеткаў... Папцова вельмі ўразілі прылаўкі беларускіх крамаў, якія не адрозьніваюцца ад маскоўскіх і заходніх, а цэны, як ні дзіўна, падаліся расейскаму журналісту ў два разы ніжэйшымі...”

(Вядучы ў праскай студыі: ) Іна, пра што канкрэтна гаварылі Папцоў з Лукашэнкам, якія актуальныя, вострыя пытаньні абмяркоўвалі?

(Студзінская: ) “Адразу ж скажу, што вострых пытаньняў не было, калі не лічыць пытаньня, якой, на думку Лукашэнкі, павінна быць апазыцыя, альбо як ў кіраўніка Беларусі складваюцца адносіны са сродкамі масавай інфармацыі. Пачалі размову традыцыйна – з абмеркаваньня пэрспэктываў Саюзу Беларусі і Расеі. На думку Лукашэнкі, расейская эліта вельмі цьмяна ўяўляе, што адбываецца ў Беларусі. А матар’ялы расейскіх тэлеканалаў наагул выклікаюць недаўменьне. Нават Анатоль Чубайс, да прыкладу, які ведае шмат, у сілу сваіх перакананьняў не кажа праўду, лічыць Лукашэнка”.

(Вядучы ў праскай студыі: ) Ці складвалася адчуваньне, што Лукашэнка выступае за аб’яднаньне Беларусі і Расеі?

(Студзінская: ) “Менавіта такое адчуваньне складвалася. Расея ў Беларусі не плаціць наагул ні за што – ні за разьмяшчэньне ваенных баз, ні за транзыт, сьвярджае Лукашэнка. Балянс – 800 мільёнаў даляраў на карысьць Беларусі. Гэту тэму падхапіў і Алег Папцоў: маўляў, каб “уразіць” небагатую расейскую бальшыню, яе пераконваюць у тым, што аб’яднаньне абыйдзецца расейцам у 2 мільярды даляраў. Цытую: “Камусьці вельмі ня хочацца, каб мы сталі мацней” – робіць выснову расейскі журналіст Папцоў. Папцоў якраз не хаваў задавальненьня, што ў Беларусі вытворчыя гіганты кшталту МАЗу, БелАзу, МТЗ засталіся дзяржаўнымі. А Лукашэнка яшчэ дадаў, што гэтыя гіганты стварылі вакол сябе яшчэ шмат холдынгаў, і таму беларуская прамысловасьць квітнее”.

(Вядучы ў праскай студыі: ) А што тычыцца сяла? Не сакрэт, што праблем у сельскай

гаспадарцы безьліч, бальшыня калгасаў стратныя, беларуская вёска папросту сьпіваецца...

(Студзінская: ) “Лукашэнка прывёў зусім іншыя лічбы: за 5 гадоў колькасьць стратных прадпрыемстваў ў сельскай гаспадарцы скарацілася ў 4 разы. Сярэдні заробак на сяле – 150 даляраў у месяц (ў краіне – 209 даляраў). А добрыя мэханізатары ў пэрыяд уборкі зарабляюць да тысячы даляраў! І наагул: разрыў паміж багатымі і беднымі ў Беларусі мінімальны, як у Швэцыі - толькі ў 3 разы ( для параўнаньня: у Расеі – у 27 разоў), сьвярджае Лукашэнка. І тут жа сам сабе супярэчыць. На пытаньне: колькі зарабляе беларускі міністар, адказаў спачатку: каля 800 даляраў. Але дадаў: “гэта ж сьмешная сума, таму штоквартальна міністры атрымліваюць яшчэ дапамогу. Вырашана кожнаму высокапастаўленаму чыноўніку яшчэ невялікі домік у Драздах пабудаваць”. Дарэчы, упершыню Лукашэнка прызнаўся, што сам атрымлівае 1 тысячу альбо 1100 даляраў, дакладна не памятае. Ня трэба быць матэматыкам, каб падлічыць, што розьніца паміж заробкам міністра і сярэнестатыстычнага сельскага працаўніка не ў 3 разы, а які мінімум ў 10!”

(Вядучы ў праскай студыі: ) А ці былі сапраўды вострыя пытаньні – наконт зьніклых, парушэньняў правоў чалавека, наконт уціску ўладаў на СМІ, адносінаў да апазыцыі?

(Студзінская: ) “Не было. Паразмаўлялі толькі пра апазыцыю. Лукашэнка сказаў, што хацеў, каб у Беларусі была апазыцыя падобная на расейскую, і прывёў у прыклад Зюганава і Жырыноўскага. Выказаў расчараваньне беларускай апазыцыяй: маўляў, крытыкуюць за ўсё. Прывёў прыклад: беларускія апазыцыянэры выступаюць за незалежнасьць, а калі ён назваў галоўны праспэкт сталіцы праспэктам Незалежнасьці – раскрытыкавалі. “Іх лёзунг – чым горш, тым лепш”, - лічыць Лукашэнка. Што да сродкаў масавай інфармацыі, то – зноў цытую: “Яны мяне квасяць на ўсе 100%. Але мяне “мачыць” няма за што. Я настолькі акуратна сябе паводжу, і сям’я, і дзеці”. І тут у соты раз Лукашэнка паўтарыўся: маўляў, няма ў кіраўніка дзяржавы кватэры, іншай маёмасьці, няма рахункаў, няма сродкаў, каб пабудаваць сынам кватэры. Але ён “сам загнаў сябе ў кут – барацьбой з карупцыяй”. З жалем Лукашэнка прызнаў, што ў Пуціна, ён ведае, ёсьць сябры, а беларускі лідэр сябрамі пахваліцца ня можа. Скончылі размову на аптымістычнай ноце: Саюз Беларусі і Расеі жыцьцёва неабходны, і настройвацца абедзьвюм краінам трэба на яднаньне...”
XS
SM
MD
LG