Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам стаўкі зьніжаюць, але падаткі павялічваюцца


Міхал Стэльмак, Менск Улады краіны завяршаюць кампанію пераводу дробных прадпрымальнікаў на новыя ўмовы дзейнасьці. У прыватнасьці, зацьвярджаюцца стаўкі адзінага падатку, які будуць уплочваць бізнэсоўцы, што ўвозяць тавар з Расеі.

Яшчэ на пачатку сёлетняга году ўлады абвясьцілі пра спагнаньне з прадпрымальнікаў, якія гандлюць расейскімі таварамі, 18-працэнтнага падатку на даданую вартасць. Гэта выклікала масавыя пратэсты з боку гандляроў, паколькі такі падатковы цяжар пагражаў большасьці іх банкруцтвам. У сакавіку адбыўся шматдзённы агульнанацыянальны страйк, які спрычыніўся да выпрацоўкі ўладамі новых правілаў дзейнасьці дробнага бізнэсу. У чэрвені зьявіўся прэзідэнцкі ўказ, паводле якога ад 1 жніўня плацельшчыкі падатку на даданую вартасць пры адсутнасьці дакумэнтаў на расейскія тавары могуць уплочваць фіксаваную суму ў памеры падвоенага адзінага падатку. Вызначэньнем новага адзінага падатку займаюцца рэгіёны. Напрыклад, толькі што ягоны памер вызначылі на Меншчыне. Вось што паведаміў пра стаўкі гэтага падатку кіраўнік адзьдзелу прадпрымальніцтва Менскага аблвыканкаму Аляксандр Пятровіч: (Пятровіч: ) “У асноўным зьніжаны на 30-40 працэнтаў. Прадугледзелі ўсё, улічвалі прапановы прадпрымальнікаў, прадпрымальніцкіх радаў. З усіх раёнаў прадпрымальнікі прысылалі стаўкі, паводле якіх яны хацелі б працаваць. Я размаўляў з Гарбачовым, што з Барысава. Ён застаўся задаволеным”.

Віктар Гарбачоў– лідэр барысаўскіх прадпрымальнікаў. Паводле прадстаўнікоў дробнага бізнэсу, у параўнаньні з ранейшымі стаўкамі адзінага падатку улады, насамрэч, іх зьнізілі. Напрыклад, у Барысаве стаўка адзінага падатку для гандляроў была дагэтуль 55 эўра, а зараз стала 30 эўра. Але з гэтага зусім не вынікае, што падатковы прэс на прадпрымальнікаў зьменшыўся. Рэч у тым, што новыя правілы вызначаюць цяпер уплату падвоенага адзінага падтку. Апроч гэтага існуюць дадтковыя выплаты, якія ў тым жа Барысаве, паводле Віктара Гарбачова, робяць новаўвядзеньне фінансава нявыгадным:

(Гарбачоў: ) “Было з мытам 82,5 эўра па Барысаву. А стала з усімі накруткамі, з ПДВ 105 эўра. Падатак агульны павысіўся на 22,5 эўра ў такіх гарадах абласнога падпарадкаваньня як Барысаў. У цэлым падатак павысіўся на 30 працэнтаў”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Менску гарсавет таксама зьменшыў у цэлым стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў – на 15-20 працэнтаў. Разам з тым, гэтыя стаўкі павялічылі для бізнэсоўцаў такіх гандлёвых цэнтраў як “Паркінг”, Імпульс”, “Атлантык”, “Камароўскі рынак” ды іншых. Мяркуецца, што гэтыя аб’екты – прэстыжныя і тут гандляры нібыта шмат зарабляюць ад свайго бізнэсу. Але не пашчасьціла ня толькі ім. Нягледзячы на невялікае зьніжэньне ставак адзінага падатку, астатнія бізнэсоўцы ў сувязі з падвоеным падаткаабкладаньнем гандляроў, што мусяць уплочваць падатак на даданую вартасць, таксама прайгралі ад новаўвядзеньня. Паводле зьвестак падатковых ворганаў, штомесяц ад іх будзе паступаць дадкова у бюджэт каля паўмільярда рублёў. Менскія прадпрымальнікі падлічылі, што падатковыя выдаткі для кожнага зь іх падвысяцца ў сярэднім на 70 даляраў. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем на гэты конт падзяліўся сталічны прадпрымальнік Аляксандр Драніцкі:

(Драніцкі: ) “Як рэагаваць, калі ўжо зараз падатковы прэс нашмат большы, чымсьці ў любой іншай краіне, якая мяжуе з намі. Напрыклад, у Расеі быў меншы падатковы прэс, чымсьці ў нас да ўвядзеньня гэтага новага павышанага падатку. Я нядаўна быў у Польшчы. Вось толькі адна лічба. У чалавека, які прыехаў у Польшчу з колішняга СССР і жыве там і працуе прадпрымальнікам, ёсць 50 квадратных мэтраў павільён. Ён плаціць у месяц 300 даляраў –па 6 даляраў з месца квадратнага ў Беластоку. У мяне на рынку адкрытая кропка –паўтара на паўтара мэтра, дык я плачу арэндную плату 100 даляраў. Вось якая розьніца ў падатковым прэсе. Карацей. Ужо зараз прэс невыносны, а тут яшчэ дабаўляюць 70 даляраў. Вось я ведаю, што ў Заводзкім раёне людзі працуюць з прамтаварамі, якія прывозяць з Масквы, яны толькі ледзьве канцы з канцамі зводзяць. А дадаткова 70 даляраў – гэта несумненнае банкруцтва”.
XS
SM
MD
LG