Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў: “Дыпляматаў рыхтуюць для прапагандысцкага забесьпячэньня існаваньня рэжыму”


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнікі замежных устаноў Беларусі на тыдзень скліканыя ў Менск дзеля вызначэньня новых задач ў зьнешнепалітычнай і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці..

На адкрыцьці вучобы дыпляматаў выступілі рэктар акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Станіслаў Князеў, міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур і іншыя. Далей у праграме вучобы ня толькі выступы прадстаўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі і ўраду, але і наведваньні шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, чыю прадукцыю дыпляматы павінны прасоўваць на замежныя рынкі. Сярод гэтых прадпрыемстваў – канцэрны “Белнафтахім”, парашковай мэталюргіі, Менскі трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемства “Элема” і іншыя. Паводле намесьніка кіраўніка упраўленьня інфармацыі міністэрства замежных справаў Руслана Есіна тут вельмі вялікі сьпіс. Таксама дыпляматы пабываюць на прэзэнтацыі міжнароднага каналу “БеларусьТВ” і сустрэнуцца з прадстаўнікамі спартовых і турысцкіх арганізацый. Руслан Есін падкрэсьліў: параўнальна з мінулым годам сёлета праграма вучобы істотна зьменена і мае больш прыкладны характар, чым тэарэтычны.

(Есін: ) “Будуць выступаць перад кіраўнікамі замежных установаў спэцыялісты па тых накірунках, да якіх ёсьць самая вялікая цікавасьць. Гэта пытаньні мытныя, зьвязаныя з парадкам інвэставаньня ў Беларусь і прасоўваньнем нашай прадукцыі на традыцыйныя і новыя рынкі, гэта пытаньні падаткаабкладаньня, пытаньні новаўвядзеньня па рэгуляваньні зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Адбудуцца сустрэчы з маркетынгавымі службамі прадпрыемстваў, кіраўнікамі адказнымі за пастаўкі прадукцыі на замежныя рынкі. Кульмінацыяй стане нарада паслоў у міністэрстве замежных справаў.”

Штогод кіраўнікоў дыпляматычных місій выклікаюць у цэнтар і загадваюць займацца павелічэньнем экспарту і замежных інвэстыцый, аднак значных зрухаў тут пакуль ня бачна. Якія пэрпсэктывы ў беларускай прамысловасьці выйсьці на заходнія рынкі? Пытаньне да былога намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) “ Але ж па дробязях можна нешта прадаць, нечым гандляваць, але ж як стратэгічны напрамак, пакуль ня будзе найперш эканоміка нармальная ў краіне разьвівацца па законах, па якіх жыве ўвесь сьвет, то нічога не адбудзецца. Ну, напрыклад, чым мы можам гандляваць? Тое ж дрэва, але ж якасьць гэтых тавараў не задавальняе. Без увядзеньня рынкавых мэханізмаў, без зьмены абсталяваньня, без сучасных мэтадаў працы і ўвогуле арганізацыі працы гэтых прадпрыемстваў нічога не зьменіцца. Пакуль будзе існаваць гэтая камандная сістэма, якую мы назіраем амаль што кожны дзень, то нельга будзе спадзявацца на тавары, якія можна будзе прадаваць за мяжой”.

Нельга не ўлічваць і палітычныя матывы, менавіта з прычыны парушэньня правоў чалавека Эўразьвяз разглядае цяпер пытаньне пра больш жорсткія абмежаваньні на гандаль і эканамічныя сувязі з Беларусьсю. Нагадаю, перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту камісар Эўразьвязу Беніта Ферэра-Вальднер заявіла пра магчымую адмову Беларусі ў доступе да агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Гэта яўна не супадае з мінулагоднім прагнозам беларускага міністэрства замежных справаў пра будучы рост інвэстыцый ў эканоміку Беларусі з краінаў Эўразьвязу. Колькасьць усіх замежных інвэстыцый у рэальны сэктар эканомікі за студзень-сакавік гэтага года склаў прыкладна 390 мільёнаў даляраў, а гэта мізэрная сума параўнальна з рэальнымі патрэбамі эканомікі. Наагул, інвэстыцыі ў беларускую эканоміку пакуль не дасягнулі ўзроўню дакрызіснага 1990 года.

Паводле міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, які выступіў перад дыпкорпусам Беларусі, вучоба дапаможа беларускім дыпляматам "з больш глыбокім веданьнем прадмета прадоўжыць працу за мяжой". Адметна, што гэтая вучоба абдываецца перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 года. У сувязі з гэтым беларускія кіраўнікі дыпмісіяў атрымаюць пэўныя ўказаньні цэнтру, мяркуе Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Увогуле нельга тут неяк падзяляць выбары і ўвогуле тыя задачы, якія ставяцца дыпляматам – зьнешнепрапагандысцкага забесьпячэньня існаваньня рэжыму. Выбары – гэта лягічная кампанія, якая рэгулярна праводзіцца гэтым рэжымам. Так што агульная задача – забесьпячэньне рэжыму, я думаю, калі трэба прыводзіць у адпаведнасьць дзейнасьць зьнешнепалітычных прадстаўніцтваў з тым, што адбываецца ў Беларусі, то будуць пастаўленыя задачы больш агрэсіўнай такой зьнешняй лініі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG