Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з раённых судоў Менска вынес прысуд першым беларускім кардэрам.


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адзін з раённых судоў Менска вынес прысуд першым беларускім кардэрам. Гэтак ў сьвеце завуць злачынцаў, якія рабуюць праз інтэрнэт з дапамогай падробленых банкаўскіх картак

Разумныя і адукаваныя хлопцы. Абодва студэнты прэстыжных менскіх ВНУ, добра апранутыя. Гэтак выглядаюць першыя беларускія кардэры – рабаўнікі , якія для крадзежу грошай ці каштоўных рэчаў карыстюцца ня фомкай ды адмычкай, а падробленымі банкаўскімі карткамі. Свой першы крадзеж яны зрабілі яшчэ ў 1999 годзе, калі былі непаўнагадовымі. Зараз хлопцы раскаяліся і прасілі суд не саджаць іх за краты. Але судзьдзя быў няўмольным – кардэраў асудзілі на 3 гады зьняволеньня, пад ахову хлопцаў узялі наўпрост у судовай залі.

Маці нанялі адвакатаў, зараз тыя спрабуюць пераканаць суд вышэйшай ступені ў тым, што прысуд можа быць больш мяккім.

(Адвакат: ) “Прашу пра зьніжэньне пакараньня, бо яны ужо студэнты, вучацца, даўно пра гэта забылі, бо прайшоў вялікі кавалак часу і на сёньня значна зьнізалася грамадзская небясьпека гэтага злачынства”.

Што менавіта да гэтай справы, можа і праўда небясьпека зьнізілася. Але з большага ў Беларусі павялічваецца ўжываньне банкаўскіх картак і адпаведна павышаецца рызыка стаць ахвярай плястыкавых махляроў. Дзесяткі разоў ужо бывала, што кліент не знаходзіў на сваім рахунку грошай, якія зьніклі праз шэраг электронных апэрацый.

Як можна змагацца з кардэрамі? Некалькі гадоў таму ў міністэрстве ўнутраных спраў стварылі адмысловую управу па раскрыцьцю злачынстваў у галіне высокіх тэхналёгіяў, ў якой звыш дзесяці сьледчых спэцыялізуюцца выключна на кардэрах. Сьледчыя кажуць, што беларускія кардэры сталі дзёрзкімі і дасьведчанымі. Нядаўна ў Берасьці быў затрыманы кардэр, які стварыў сапраўдную групоўку, нават наладзіў “прафесійную” адукацыю сваіх саўдзельнікаў. Ад дзейнасьці гэтых махляроў пацярпелі усясьветна вядомыя гандлёвыя фірмы. Паводле кіраўніка прэсавай службы МУС Ваталя Грынкевіча павышаная ўвага міліцыі дазволіла сёлета зьбіць хвалю кардэрства .

(Грынкевіч: ) “На 10 адсоткаў зьменьшыліся выпадкі злачынстваў з плястыкавымі карткамі. Гэта дзякуючы таму, што добра працуюць супрацоўнікі ўправы і дзякуючы прафіляктычным захадам”.

Аднак найперш прафіляктычныя захады карысныя не ў міліцыі, а ў банках. У Беларусі ужо больш за мільён карыстальнікаў плястыкавымі карткамі і пытаньне бясьпекі гэтых кліентаў стала галоўным, мяркуе адказны супрацоўнік “Прыёрбанку” Георгій Катовіч. Ён паведаміў, што самым цяжкім годам быў пазамінулы 2002-гі, калі на шмат якія банкі краіны спакушаліся кардэры. Падробленыя плястыкавыя карткі тады хлынулі ў Беларусь з Украіны і Расеі, дзе пачалі дзейнічаць падпольныя майстэрні. Зараз, паводле майго суразмоўцы, абарона плястыкавых картак у Беларусі адпавядае эўрапейскім стандартам, але хутка беларусаў абыйдуць. Георгій Катовіч з зайздрасьцю паведаміў, што ў Эўропе ўжо паступова пераходзяць на карткі новага пакаленьня – гэтак званыя карткі emv, а Беларусь у гэтым спазняецца.

(Катовіч: ) “ Зараз абарона карткі – гэта магнітная паласа, якую вы бачыце на картцы. А будзе картка зь мікрачыпам унутры. Будзем казаць, што гэта маленькі кампутар, які вельмі абаронены. Такую картку вельмі складана скапіяваць ці зьняць з яе нейкія дадзеныя.”
XS
SM
MD
LG