Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Караганаў пра інцыдэнт са Сьвятланай Завадзкай: "Неразумна і ганебна"


Алесь Дашчынскі, Менск Грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія Савету пры прэзыдэнце Расеі ў справе спрыяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека заклікала ўрад Расейскай Фэдэрацыі ўключыць тэму захаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў ў пастаянны парадак дня дыялёгу з уладамі Беларусі.

Камісія адрэагавала заявай на жорсткае спыненьне супрацоўнікамі беларускіх органаў правапарадку акцыі ў Менску, прысьвечанай 5-й гадавіне з дня зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Нагадаю, што падчас гэтай акцыі амонавец ударыў жонку Завадзкага Сьвятлану.

У заяве расейска-беларускай праваабарончай камісіі гаворыцца, што рэпрэсіўныя меры былі скіраваныя супраць мірна настроеных родных зьніклага журналіста, беларускай моладзі, прадстаўнікоў грамадзкіх і праваабарончых арганізацый, якія спрабавалі прыцягнуць увагу да праблемы палітычна матываваных зьнікненьняў і патрабаваць іх паўнавартаснага расьсьледаваньня.

Паводле камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі, падзеі 7 ліпеня ў Менску сталі яшчэ адным сьведчаньнем наступу ўлады Беларусі на грамадзянскія правы і свабоды, і такія факты не могуць не хваляваць расейскую грамадзкасьць.

Паводле сустаршыні грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі Сяргея Караганава, акрамя заявы будуць прынятыя і канкрэтныя крокі.

(Караганаў: ) “Мы будзем зьвяртацца і ў органы саюзнай краіны, да расейскіх уладаў, каб яны аказвалі пэўнае ўзьдзеяньне на беларускія ўлады.”

Як ставіцца спадар Караганаў да зьбіцьця Сьвятланы Завадзкай пад час акцыі?

(Караганаў: ) “Неразумна і ганебна. А ўжо, калі бьюць удаву зьніклага ці забітага чалавека, – гэта ўжо проста ні ў якія вароты не лезе”.

Сяргей Караганаў сустрэўся з амбасадарам Расеі ў Беларусі Дзьмітрыем Аяцкавым, але не стаў раскрываць зьмест гэтай размовы. Тым часам чальцы камісіі ў Маскве абураныя фактам зьбіцьця Сьвятланы Завадзкай. Сустаршыня згаданай камісіі Валер Паўлаў лічыць, што тут учынена службовае злачынства і павінна быць узбуджана крымінальная справа супраць прадстаўніка сілавых структураў, а яго неабходна наагул звольніць.

(Паўлаў:) “Наагул, гэта не дадае гонару менскаму АМОНу. Я Падабеда ведаю добра, нешта ён сам распусьціўся і людзей распусьціў. Так рабіць непрыгожа”.

Паводле сябра камісіі, журналіста Паўла Шарамета, камісія будзе ўважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі вакол інцыдэнту са Сьвятланай Завадзкай.

(Шарамет: ) “Эла Памфілава ў сваёй справаздачы аб дзейнасьці свайго Савету, якую яна прадстаўляе прэзыдэнту Расеі, разам з іншымі фактамі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, несумненна, будзе ставіць пытаньне і пра тое, што жонка расейскага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага падвяргаецца жорсткаму абыходжаньню з боку беларускіх праваахоўных ворганаў”.
XS
SM
MD
LG