Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дазвольны запіс у пашпартах грамадзянаў Беларусі наўрад ці будзе скасаваны да канца 2005 году


Ігар Карней, Менск У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ня выключаюць, што Канстытуцыйны суд Беларусі можа адтэрмінаваць выкананьне свайго рашэньня адносна наяўнасьці дазвольнага запісу ў пашпартах грамадзянаў Беларусі дзеля выезду за мяжу. Як падобную пэрспэктыву ўспрымаюць ў самім Канстытуцыйным судзе?

Сёньня намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч фактычна пацьвердзіла, што штамп дазволу на выезд у пашпартах можа застацца абавязковым яшчэ на неакрэсьлены тэрмін. “Рашэньне суду ня можа быць ня выкананае, аднак ня выключана, што Канстытуцыйны суд працягне тэрмін выкананьня свайго рашэньня”, – сказала спадарыня Пяткевіч. Кіраўніцтва самога Канстытуцыйнага суду да такога разьвіцьця падзеяў аказалася не падрыхтаванае. Судзьдзя ў пытаньнях скасаваньня дазвольнага запісу Валянцін Шуклін перакананы: часу дзеля пераходу на новы мэханізм перасячэньня беларускай мяжы было дастаткова.

(Шуклін: ) “Пасьля таго, як падобнае рашэньне было прынятае, дзяржаўныя органы далучыліся да адпаведнага абмеркаваньня. У прыватнасьці, паводле пляну падрыхтоўкі законапраекту, зацьверджанага ўказам прэзыдэнта, Нацыянальны цэнтар законапраектнай дзейнасьці стварыў працоўную групу па падрыхтоўцы праекту закона аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у законы “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь”. Працяглы час ішла праца, у выніку якой быў падрыхтаваны адпаведны праект, у якім знайшлі адлюстраваньне падыходы Канстытуцыйнага суду наконт таго, што ў Рэспубліцы Беларусь будзе адзіны пашпарт і ніякіх штампаў у гэтым пашпарце быць не павінна”.

Яшчэ ў 2003 годзе Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэньне, згодна зь якім урад мусіў да 1 студзеня 2006 года перагледзець парадак афармленьня выезду грамадзянаў за межы краіны, прызнаўшы, што дазвольны штамп не адпавядае канстытуцыйным нормам. Аднак практычна адразу ж кіраўнікі шэрагу ведамстваў заявілі, што не гатовыя адмовіцца ад дазвольнага запісу, паколькі не існуе мэханізму, які гэтак жа эфэктыўна дазваляе кантраляваць перамяшчэньне грамадзянаў. Толькі ў Камітэце памежных войскаў выказаліся, што гатовыя да спрошчанай працэдуры пашпартнага афармленьня.

А вось у Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС кажуць, што ня створаная аўтаматызаваная сыстэма кантролю за перамяшчэньнем асобаў, якім з розных прычынаў выезд за мяжу абмежаваны. Бок Міністэрства ўнутраных справаў сёньня заняла і намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, якая наўпрост заявіла: “Радыкальных захадаў да 31 сьнежня 2005 году ня будзе”. Гэта яна абгрунтавала тым, што цяпер ідзе праца над адзіным рэгістрам насельніцтва (своеасаблівы перапіс жыхароў Беларусі для сілавых структураў), канцэпцыя якога будзе завершаная ў лепшым выпадку да канца году. У зьвязку з гэтым Натальля Пяткевіч адзначыла: зараз неабходна сканцэнтравацца на стварэньні адзінага рэгістру, уносіць зьмены ў парадак выезду нелягічна, а значыць, няма неабходнасьці штосьці “ламаць”. Між тым, прадстаўнік Канстытуцыйнага суду Валянцін Шуклін перакананы, што дзяржаўныя органы мусяць заставацца гарантамі выкананьня правоў, акрэсьленых Канстытуцыяй.

(Шуклін: ) “Справа ў тым, што ёсьць 59-ы артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які абавязвае дзяржаўныя органы выконваць Канстытуцыю і канстытуцыйныя патрабаваньні. У дадзеным выпадку – гэта тое, што права на свабоду перамяшчэньня павінна быць выкананае”.
XS
SM
MD
LG