Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ашмянах затрымалі намесьніка старшыні Саюзу палякаў Беларусі<b/>


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Ашмянах памежнікі затрымалі намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага і галоўнага рэдактара часопісу “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута. Ім далі папярэджаньне за парушэньне рэжыму знаходжаньня ў памежнай зоне, у якую ўключаны горад Ашмяны.

Спадары Пажэцкі і Пачобут прыехалі ў ашмянскі Дом польскі, каб сустрэцца з кіраўніцтвам мясцовага аддзелу Саюзу палякаў. Але там нечакана зьявіліся памежнікі і забралі абодвух у камэндатуру. Яны здалі пашпарты ў АВІР, аднак мелі іншыя дакумэнты і камандзіровачныя пасьведчаньні, але іх усё роўна пакаралі папярэджаньнем. З камэндатуры ў суправаджэньні памежнікаў Юзафу Пажэцкаму і Андрэю Пачобуту давялося ехаць у міліцыю, дзе іх папярэдзілі, што калі наступным разам затрымаюць у Ашмянах, то прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

(Пачобут: ) “Сэнс акцыі супраць нас — гэта абмежаваць кантакты кіраўніцтва Саюзу палякаў з рэгіянальнымі структурамі. Таму што мы сустракаемся, мы распавядаем ім і ідзе інфармацыя аб тым, што кіраўніцтва нармальна дзейнічае, яно ёсьць. Гэта не падабаецца ўладам, яны хочуць, каб людзі былі запалоханымі”.

Спадар Пачобут гаворыць, што ім адкрыта сказалі: іх затрымалі паводле апэратыўнай інфармацыі, а, значыць, за імі сочаць і праслухоўваюць тэлефоны — мяркуе ён.

Канфлікт паміж Саюзам палякаў і ўладамі працягваецца. Два месяцы таму Міністэрства юстыцыі паведаміла, што не прызнае вынікаў апошняга — 6-га зьезду СПБ (адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка сёлета), на якім дэлегаты абралі новае кіраўніцтва. Міністэрства лічыць, што старое кіраўніцтва Саюзу захоўвае легітымнасьць і яно павінна паўторна правесьці зьезд і выбары кіраўніцтва. Гэтым рашэньнем Мінюсту цяпер кіруюцца ўсе ўладныя структуры, не зважаючы на пратэсты з боку сяброў СПБ і Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG