Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свая сярмяжка ня цяжка


Антаніна Хатэнка, Менск Жыву й дзіўлюся: трапныя народныя формулы нашага пабытаваньня й стасаваньня на зямлі не адно захоўваюць дух вечнасьці, але й перадаюць смак і водар даўно аджылых слоў ды паняткаў...

А заадно й паўстаюць азнакай гісторыі, вабячы людзтва да катэгорый самакаштоўных і нязьменных. Якраз такая мудрота прасьвечвае лёгкую, здавалася б, і зусім будзённую заўвагу – свая сярмяжка ня цяжка.

Цьвердзячы найвышні статус свайго, уласнага, чалавек падсьведама вырываецца з накінутых некалі сацыялістычных лейцаў, якімі падганялі ў “рай” уніфікаваньня й зьнішчэньня асобы. Бо ці ж давядзеш важкасьць і годнасьць свайго, крэўнага лепей, як абвясьціўшы: свая сярмяжка ня цяжка, – альбо: свая табака не пяршыць?

Нездарма ад сівой старажытнасьці зарок застаўся: sua tunica propior pallio – свая туніка найбліжшая. І ад нахабнага чужака адаб’есься, і адданасьць роду-народу ўзвысіш да гордага чыну, прымаючы адказнасьць за ўсё, што ёсьць сваім, бо ж... Свая сярмяжка ня цяжка.

Усходнія суседзі кажуць: свая ноша не тянет. І чутна мне ў слове тянет нейкая нязбытная нуда. А нашаму чалавеку нічога ня цяжка, бо ён звыклы любіць сваё ўпотай – ня ношкай, на плечы ўзваленай, а сярмяжкай, да цела й душы прылагоджанай. Такая вось вызірае этнічная адметнасьць.

Бацька мой, дарэшты абрасеены настаўнік, неяк асабліва ўсьмешліва выдае зрэдзьчасу пэрлінкі мудрасьці. На саслаблую крыўду маю – яшчэ й долю дзяцей разблытваць? – стары дасьведчана спраўдзіў: “Свая сярмяжка ня цяжка...” І скруха адступілася. Можа, гэта наш, айчынны, рэцэпт шчасьця – свая сярмяжка ня цяжка?
XS
SM
MD
LG